Не ў вырай замахалі крыламі лепельскія «буслы», лепяльчанін прадаў іх за бутэльку віна

84f7d12285ff67626e35df6cd3f5070cЦі канфліктаваў з законам Юрый Пашкевіч раней? Не без гэтага. Да чужой маёмасці цягу меў. Завітаў неяк у лепельскае паштовае аддзяленне №1. Зразумела, ніякага паштовага інтарэсу не меў. Іншую, мусіць, спяліў задумку. Нагледзеў дарожны веласіпед “Аист” (па беларуску — бусел). Належаў двухколавы транспартны сродак А. Цяртычнай. Дазволу на паездку не прасіў. Наважыўся памяняць набытак на грашовыя знакі. На гэты раз вадкі варыянт здзелкі правярнуў. Аддаў веласіпед за бутэльку віна. Спіртное агораў супольна з сябрукамі.
Апетыт прыходзіць пад час трапезы алкагольнай. На наступны дзень больш грошай зашапацела ў кішэні. Пехатой клыпаць у краму не з рукі. Папрасіў “Аиста” ў знаёмага Н. Фядзько. Маўляў, пракачуся з ветрыкам спадарожным да магазіна і вярну веласіпед.
А на самой справе разлічваў ашукаць даверлівага чалавека. Заруліў аж у Новыя Валосавічы. Разам з тутэйшым знаёмцам рэалізавалі двухколавага “коніка” — на гэты раз за пяць пляшак вінца.
Пачухаў патыліцу “бізнесмен” і паклыпаў назад у раённую сталіцу пехатой. Колькі доўжылася тая вандроўка, цяжка сказаць. Дайшоў да Паддуб’я. І прыкмеціла захмялелае вока дарожны веласіпед з ужо знаёмай чытачу назвай ля плота Т. Ляха. Завітаў да таго на хвілінку. Тое-сёе сказаў і пакінуў дом. Азірнуўся па баках: здаецца, спакойна. Удача нібы таго бусла акрыліла. Асядлаў украдзены транспарт і пакаціў далей. Як потым сцвярджаў Юрый Пашкевіч на судзе, дабраўся да сваёй сястры без асаблівых прыгод. Прэзентаваў роднаму чалавеку веласіпед, каб карысталася ім і памятала дабрату братаву…
Дапытлівы чытач адразу спытае: няўжо так пашанцавала нашаму “герою” абвесці вакол пальца закон? Супакоім: не ўдалося!
Па сукупнасці злачынстваў шляхам паглынання менш жорсткага пакарання больш жорсткім суд вынес вердыкт: пазбавіць Ю.М. Пашкевіча волі на два з паловай года ў папраўчай калоніі строгага рэжыму. А паколькі гэты грамадзянін прыахвоціўся да спіртнога, то вырашана было прымусова падлячыць яго ад храніч­нага алкагалізму па месцы адбывання пакарання.
Распавёў гэтую крымінальную гісторыю супрацоўніку рэдакцыі суддзя суда раёна Мікалай Казлоўскі…

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.