Перакрыжаванне гандёвых шляхоў

Уздоўж адзінай вуліцы невялікай аддаленай вёскі Аношкі, якая размешчана на адлегласці больш за 20 кіламетраў на поўдзень ад горада Лепеля, раскінулася прыгожае лясное возера Оч (Аношкаўскае). Плошча яго складае 2,4 квадратнага кіламетра. Даўжыня возера — 0,7 кіламетра, найбольшая шырыня — 0,5 кіламетра. У паўночна-заходняй частцы вадаёма маецца невялікі востраў плошчай 0,3 гектара. Вада ў возеры чыстая, нібыта крынічная, і ў большасці месцаў настолькі празрыстая, што дазваляе разгледзець на глыбіні двух-трох метраў нават маленькія каменьчыкі на дне.
Акрамя таго, гэтая вада вельмі “мяккая”, не ўтрымлівае вялікую канцэнтрацыю мінеральных соляў. Мясцовыя жыхары з задавальненнем выкарыстоў­ваюць яе для мыцця ў лазні. Не выпадкова ўлетку на пясчаным пляжы возера ў добрае надвор’е бавяць час дзясяткі адпачывальнікаў. Моладзь, бацькі з дзецьмі і нават людзі сталага ўзросту загараюць на сонцы і з вялікай асалодай доўга купаюцца ў вадзе, не спяшаюцца выбірацца на бераг. І рэдка ў каго ў гэтым выпадку з’яўляецца “гусіная скура” ад пераахаладжэння, а тым больш, узнікае нейкае прастуднае захворванне, паколькі вада ў возеры ў летні час добра праграваецца.
У вадаёме водзяцца акунь і шчупак. Шматлікія спробы запусціць у возера Оч для размнажэння малявак іншых парод закончыліся безвынікова — усе яны гінулі. Як сцвярджаюць некаторыя спецыялісты-эколагі, гэта звязана са своеасаблівым хімічным саставам вады, у тым ліку з утрыманнем у ёй у значных канцэнтрацыях селену, радону, іншых даволі рэдкіх мікраэлементаў. Праўда, яны садзейнічаюць умацаванню здароўя людзей, павышэнню іх жыццёвага тонусу. Магчыма, менавіта таму ў Аношках заўсёды было шмат доўгажыхароў. Мабыць, усё ж не выпадкова мой прадзед Максім Гарбачоў пражыў тут 102 гады. Усціння Гарбачова памерла ва ўзросце 106 гадоў, захоўваючы пры гэтым фізічную актыўнасць, рухавасць, добрую памяць і свядомасць. А даволі сталы ўзрост маёй бабулі Дар’і, якая пакінула жыццё ў 94 гады, ды і яе роднай сястры Хрыстыны, якая пражыла 96 гадоў, ужо нікога не здзіўляе з тутэйшых людзей.
У інтэрнэце пачаў шукаць аналагі назвы возера Оч у іншых мовах. І знайшоў такое кароткае слова толькі ў татарскай мове, дзе “оч” — “вярхушка, вяршыня, макушка”. І падобна на тое, што менавіта гэтым словам назвалі людзі ў старажытнасці маё любімае возера. Тым больш, што Оч сапраўды знаходзіц­ца на самай “вярхушцы, вяршыні, макушцы” — раскінулася якраз на мяжы, на глыбінным разломе зямной кары, яе мантыі, знаходзіцца на водападзеле Балтыйскага і Чорнага мораў, непадалёк ад пазначанага на карце трыганаметрычнага знаку 176.4.
З возера Оч па накірунку на поўдзень выцякае рака Цэнтралка, воды якой пасля шматкіламетровага блукання па лясных масівах і тарфяніках трапляюць у раку Эсу, затым накіроўваюцца ў Улу, далей — у Заходнюю Дзвіну і ў канчатковым выні­ку дасягаюць Балтыйскага мора. З возера на паўночны захад імкнецца рукатворная шырокая пратока, што раней да асушэння вялікага тарфяніка “Аношкінскі мох” (пасля чаго, на жаль, знікла вада ў некаторых студнях навакольных вёсак) была запоўнена вадой нават у ліпеньскую спёку, не кажучы ўжо пра іншыя перыяды года. Гэтая пратока праз паўтара кіламетра ўпадае ў возера Безадэннае. А гэты вадаём, які схаваўся ў зарослых нізкарослым хмызняком балотных абшарах, ужо адносіцца да басейна Чорнага мора, паколькі з яго ў заходнім напрамку выцякае рака Юраўка, якая потым злівае свае воды з бурлівай плынню ракі Гурба, што ў сваю чаргу ўпадае ў раку Вялікая. Рака ж Вялікая — левы прыток Бярэзіны. Праз шырокую пойму Бярэзіны водныя патокі трапляюць у Днепр і затым — у Чорнае мора.
Возера Оч адрозніваецца па канфігурацыі берага ад іншых падобных вадаёмаў. Прытым складваецца ўражанне, што дзясяткі бухтаў, прычалаў, якія ўразаюцца ў бераг да двух-трох, а ў некаторых месцах да пяці-шасці метраў і болей, яўна ствараліся не на працягу дзясяткаў гадоў, а цэлых стагоддзяў і нават тысячагоддзяў, настолькі яны вельмі далёка ўрэзаны ў цвёрдую пясчаную берагавую лінію. І гэта пры тым, што, напрыклад, у 60 — 90 гады дваццатага стагоддзя толькі ў аднаго-двух жыхароў Аношак меліся невялікія лодкі-пласкадонкі, не кажучы ўжо пра цяперашні час. А сам населены пункт, як паведамляецца ў кнізе “Памяць. Лепельскі раён”, вядомы толькі з пачатку XX стагоддзя. Дарэчы, як сцвярджала мая бабуля Дар’я, раней людзі ў нашай мясцовасці жылі ў зусім іншым месцы — бліжэйшая да возера Оч вёска знахо­дзілася за паўтара кіламетра на ўсход ад вадаёма на высокім прадаўгаватым пагорку, які носіць назву Старына.
Паколькі паблізу возера Оч не назіраецца зараз і не было ў старажытнасці вялікіх густанаселеных людзьмі паселішчаў, наяўнасць дзясяткаў бухтаў, прычалаў, якімі па ўсім перыметры зрэзаны берагі возера, можна патлумачыць толькі адным: менавіта тут праходзіла ў глыбокай старажытнасці на працягу не менш двух тысячагоддзяў — з чацвёртага стагоддзя да н. э. і да сярэдзіны XVI стагоддзя н. э. (што, акрамя ўсяго іншага, пацверджана пісьмовымі крыніцамі і будаўніцтвам у нашай мясцовасці ў 1797 — 1805 гадах знакамітай Бярэзінскай воднай сістэмы) — адно з найбольш ажыўленых адгалінаванняў старадаўняга воднага гандлёвага шляху “з варагаў у грэкі”. Па ім нашы продкі на адносна невялікіх лодках-стругах перавозілі свае тавары. Прытым можна было ў нашай мясцовасці зрабіць неабходны бягучы рамонт, а то і набыць новую лодку-стругу, напрыклад, у той жа вёсцы Стругі Крупскага раёна Мінскай вобласці, якая і зараз размяшчаецца на ўзбярэжжы ракі Эсы зусім непадалёк ад вёскі Грыгаравічы Лепельскага раёна Віцебскай вобласці.
Так што з вялікай доляй верагоднасці можна сцвярджаць, што калі гандляры ў старадаўнія часы дасягалі возера Оч, тут яны проста крыху ўсцягвалі носавую частку лодак-струг на бераг, прычальвалі іх і пэўны час адпачывалі, узнаўлялі свае сілы на ўлонні цудоўнай мясцовай прыроды перад пераадоленнем далейшага нялёгкага і доўгага шляху, незалежна ад таго, рухаліся яны ў бок Балтыйскага ці Чорнага мораў.
Мікалай
ГАРБАЧОЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.