Посевная -2022: на поле за Боровенскими Хуторами

Чарговы рэдакцыйны выезд ажыццяўляўся курсам на вёску Баравенскія Хутары, дзе на полі шчыравалі работнікі КУВСГП “Лепельскае”, сеялі яравую пшаніцу. Для шырокага кола чытачоў адзначу, што ў апошнія гады земляробы Лепельшчыны сталі скарачаць пасевы гэтай культуры, аддаючы большую перавагу ячменю і аўсу. Свой негатыўны ўклад зрабіла і засуха мінулага года, якая асабліва моцна ўдарыла па пасевах менавіта яравой пшаніцы, зерне вырасла тонкае і дробнае. Задаўся пытаннем, чаму ж аграрыі КУВСГП “Лепельскае”, нягледзячы на відавочныя цяжкасці і рызыкі, усё ж такі не адмаўляюцца ад яравой пшаніцы, не скарачаюць плошчы пад яе. Адказ для сябе вывеў наступны — патэнцыйна высокая ўраджайнасць. Яравая пшаніца пры правільным выкананні ўсіх аперацый, строгай вытрымцы тэхналагічных патрабаванняў, унясенні поўнага комплексу ўгнаенняў, своечасовым правядзенні хімпраполак, падкормак і іншых мерапрыемстваў па ахове раслін можа даць найвышэйшую ўраджайнасць, якая здольна перакрыць нават ураджаі азімых культур.

Праца на веснавым полі праводзілася двума звёнамі. У першым звяне дзейнічалі трактарыст Аляксандр Пліско на трактары МТЗ-952 з сеялкай СПУ-6 і пры ім — кіроўца Генадзь Памалейка на МАЗе-загрузчыку. Другое звяно складалі трактарыст Мікалай Канашкоў на трактары МТЗ-3022 з пасяўным агрэгатам АКПД-6 і трактарыст Дзмітрый Шайтар на МТЗ-1221 з загрузчыкам. Назіраў за працэсам аграном Яўген Юніцкі.

Поле хаця і шырокае, амаль сто гектараў, але працаваць на ім шыроказахопнымі агрэгатамі шырынёй па 6 метраў крыху складана. Часта трапляюцца лапікі, парослыя кустоўем і нават маладым лесам, а таксама сырыя вымачкі, дзе нават трактар можа загразнуць так, што каб яго вызваліць, давядзецца выклікаць пагрузчык, каб той капаў каўшом. Аляксандр Пліско дазволіў праехаць разам з ім на трактары некалькі кругоў. Адразу адчуваецца, што тэхніка працуе пад значнай нагрузкай, рухавік раскручваецца на поўныя абароты. Ад узмежку падымаемся на пагорак, затым некалькі соцень метраў роўнага поля, а на процілеглым краі нас ужо спыняе вымачка. Механізатар падымае сеялку. Разварочваючыся, трактар пакідае коламі глыбокія каляіны ў сырой глебе. Звяртаю ўвагу, што зямля апрацавана даволі добра: глеба рыхлая, высявальны апарат павінен працаваць у такіх умовах без асаблівых праблем. Адна цяжкасць — камяні. Аляксандру даводзіцца быць асабліва ўважлівым у гэтым плане: наткнецца на вялікі камень сеялка — выламаюцца сашнікі. Аднак ён механізатар вопытны, больш за 20 гадоў працуе, нават палеткі з іх камянямі за гэты час добра вывучыў.

Яго калега Мікалай Канашкоў засяваў поле з процілеглага краю. Паколькі ў яго агрэгат больш габарытны, заняў участак з даўжэйшымі гонямі. Аднак і там не ўдавалася ўратавацца ад мокрых месцаў. Напрыклад, на адным участку давялося крыху пабуксаваць, толькі з сёмага разу трактар разам з пасяўным агрэгатам здолеў вырвацца з расквашанай глебы. Мікалай разважае:

— Калі б на трактары стаялі спараныя колы, мы б праехалі з першага разу. Вядома, з цяжкасцю, але б не буксавалі. Праўда, пры эксплуатацыі спараных колаў больш высокая нагрузка кладзецца на бартавыя рэдуктары. Аднак гэта непазбежнасць.

Загрузчыкі Дзмітрый Шайтар і Генадзь Памалейка расказалі, што за дзень, калі нічога непрадбачанага не адбудзецца, удасца рассеяць па 2-3 прычэпы і 2-3 машыны.

— Некалькі разоў здаралася сітуацыя, калі мы бачылі, што зерне заканчвалася. Тады я рэшткі з машыны перасыпаў у прычэп, а сам ехаў на склад за новай порцыяй, — кажа Генадзь Іванавіч. — На аўтамабілі доўгія пераезды робяцца нашмат хутчэй, чым на трактары, і з меншым расходам паліва.

У сярэдзіне дня рабочым прывозіцца абед, а бліжэй да вечара — падвячорак, прыгатаваныя ва ўласнай сталовай.

На развітанне пагутарыў з Яўгенам Юніцкім, які распавёў, што пасяўная праходзіць паступова, не без невялікіх замінак, вядома, але ўсё ж раўнамерна. Палетак побач быў засеяны напярэдадні. У дзень прыезду яны спадзяюцца дасеяць цяперашняе вялікае поле, а затым пераехаць на поле ля вёскі Заслонава.

— А што плануеце рабіць з вымачкамі?

— Так, вымачкі сёлетняй вясной даволі значныя. Пастараемся і іх не пакінуць. Няхай за 3-5 дзён падсохнуць. Мы за гэты час пастараемся засеяць вялікія плошчы, а потым вернемся сюды. Раскідвальнікамі пакідаем зерне ў глебу і закрыем яго баронамі або культыватарамі. Там ужо, напэўна, тэхніка больш лёгкая, не павінна загразнуць.

Тэкст і фота: Васіль МАТЫРКА.

На здымках: загружаецца сеялка зернем; Аляксандр Пліско каля сеялкі СПУ-6; Мікалай Канашкоў чарговы раз загружае бункер свайго пасяўнога агрэгата; вадзіцель Генадзь Памалейка каля МАЗа-загрузчыка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.