Рукатворная прыгажосць ДРБУ-202 г. Лепеля

Добраўпарадкаваная тэрыторыя ля філіяла “Лепельскае дарожнае рамонтна-будаўнічае ўпраўленне №202” ужо шмат гадоў вабіць вока ў любую пару года. У святочныя дні на Новы год і Ражство Хрыстова шмат гасцей наведалі сваю малую радзіму. Многія фатаграфаваліся на памяць на фоне ўстаноўленых тут постацяў біблейскіх і казачных персанажаў — маляўнічай кампазіцыі, якая яскрава ілюстравала момант нараджэння Ісуса Хрыста, а таксама вельмі адметных, рознакаляровых выяў Дзеда Мароза і Снягуркі. Ва ўсім гэтым праяўляецца сапраўдная гасціннасць нашых землякоў, жаданне стварыць добры, святочны настрой ва ўсіх прыезджых людзей.
— Добраўпарадкаваннем прылеглай тэрыторыі грунтоўна заняліся прыкладна дзевяць гадоў таму па ініцыятыве кіраў­ніка Уладзіміра Гірынскага, — паведаміла кладаўшчыца Людміла Багданава. — Спачатку прыцягвалі для гэтага спецыялістаў з Віцебска, але ўсе апошнія гады добраўпарадкоўваемся сваімі сіламі. Першыя сем гадоў асноўныя работы даводзілася выконваць мне, але ўжо каля двух гадоў за гэта адказвае іншы чалавек. Прыняла ўдзел у стварэнні кампазіцыі Ражства Хрыстова і вырабе постацяў Дзеда Мароза і Снягуркі.
У нашай дарожнай арганізацыі прайшла аптымізацыя колькасці работнікаў, таму зараз я з’яўляюся матэрыяльна адказнай асобай. Захоў­ваю і па ўказанні кіраўніцтва выдаю работнікам спецадзенне, запасныя часткі да аўтамабіляў, грэйдараў, пагрузчыкаў і іншай тэхнікі, а таксама будаўнічыя матэрыялы — трубы, кольцы, пліты, цэмент і г. д. Так што і па сваіх непасрэдных службовых абавязках працягваю займацца добраўпарадкаваннем.
— Мабыць, у належным стане падтрымліваеце і тэрыторыю па месцы свайго жыхарства?
— Жыву ў бацькоўскім доме па ву­ліцы Валадарскага. Вырошчваю кветкі і іншыя разнастайныя дэкаратыўныя расліны, якія высаджваю ў адкрытым грунце на прысядзібным зямельным участку і трымаю іх непасрэдна ў жылых памяшканнях. Добраўпарадкаванне, чысціня, парадак на рабоце і дома — гэта спосаб майго жыцця. Да гэтага я з дзяцінства прывучала і дзвюх сваіх дачок, а цяпер гэтыя станоўчыя звычкі выхоўваю ў дзвюх маіх унучак і ўнука.
Мікалай ГАРБАЧОЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.