Такие, как моя собеседница, сами себя не прорекламируют

Нядаўна сустрэў дзяўчынку, акурат з тых, пра каго па-руску кажуць: “Тихий омут”. Ды я б яе і не знайшоў, каб не паклапаціліся выкладчыкі каледжа, куды Віка паступіла на першы курс. Такія, як мая субяседніца, самі сябе не прарэкламуюць, бо яны нават і самі не вераць ні ў свае сілы, ні ў свае здольнасці. Такая вось у іх заніжаная самаацэнка. Ды, дзякуй, ёсць людзі, здольныя бачыць цябе лепшым, чым ты думаеш пра сябе сам. Нездарма кажуць, не спяшайся хваліцца, пачакай, што скажуць пра цябе людзі.
Віка і не спяшаецца.
Ёсць на Бешанковіччыне невялікая вёсачка Берасні. Там і нарадзілася Віка Коршун. Школы ў вёсцы няма. Вучыцца давялося ў райцэнтры, балазе не вельмі далёка. Ужо з першага класа дзяўчынка хадзіла ў танцавальны гурток. Танцавалі рознае, што давядзецца. Відаць, мэтаю было не столькі навучыць дзяцей розным стылям, колькі проста абудзіць у іх інтарэс, змусіць рухацца — такі вось своеасаблівы здаровы лад жыцця.
Ці не ў адначассі стала Віка займацца і ў гуртках саломапляцення, вышыўкі, плесці бісерам. Запісалася ў секцыю па лёгкай атлетыцы.
Шчыра кажучы, спартсменкай я яе ўявіць не магу. Ціхмянае такое дзяўчо. Кажуць, займае прызавыя месцы на спаборніцтвах па бегу. Ну, не ведаю… А вось уявіць гэтую сціплую Папялушачку за саломкаю магу і вельмі нават лёгка. Плесці саломку! Гэта ж, мабыць, так складана. Ніколі не спрабаваў і нават уяўлення не маю пра гэтае цудоўнае майстэрства.
З непрыхаванай цікавасцю разглядваю чароўныя вузельчыкі на яе вырабах, любуюся імі, дзіўлюся. Хочацца запытаць у аўтара, якім чынам усё гэта робіцца, бо сапраўды ж цікава. Дзе там! У яе на ўсё адзін адказ:
— Ай, што я там зрабіла!
І — махель рукой. Такую сціпласць даводзіцца сустракаць надзвычай рэдка.
“Што яна там зрабіла”, вы можаце ўбачыць на здымку. Нават “пад дулам” фотаапарата Віка стараецца захінуць твар, прыкрыць яго ўласным пано.
Не, гэткая моладзь зараз не ў модзе. Цяпер у модзе яркія, выразныя старонкі “УКантакце”, на якіх дзяўчаты, яе равесніцы, ва ўсёй сваёй красе на шматлікіх фота і сэлфі-сесіях. А ў Вікі на аватарцы і зусім нешта “левае”, не сваё, не роднае. Ніводнага фотаздымка.
— А як жа хлопцы? — пытаюся. — Як і дзе ім цябе шукаць, калі не “УКантакце”?
— Што вы! Мне ж толькі яшчэ шаснаццаць…
Уяўляю, як заўсміхаліся некаторыя “крутыя” яе равесніцы, для каго ў шаснаццаць ужо “пайшоў цягнік”. І глядзі, каб не сыйшоў хутка з рэек.
Стаўленне да супрацьлеглага полу Віка выказала пастом на сваёй старонцы “УКантакце”. Вось ён: ”Сябраваць з хлопцамі часам нашмат патрэбней, чым сустракацца”. Вось і сябруе. Напрыклад, з “калегамі па творчым цэху”, хлопцамі, з якімі пазнаёмілася ў гуртках.

img_9233

Ёй жа і сапраўды ўсяго толькі шаснаццаць. І не дзіва, што ў адказ на пытанне, што лічыць найбольшым сваім дасягненнем у жыцці, зноў махне рукою:
— Ат, чаго я там дасягнула! Ну, паступіла вось. Хаця б не выгналі.
Дзе там выгнаць, калі яна, першакурсніца, ужо ў калежды ў павазе і на добрым рахунку, а дзяўчаткі, сяброўкі па інтэрнаце, яе часам “мамкаю” завуць і пытаюцца парады. Не сумняваюся, Віка, добрая душа, ніколі ў парадзе не адмовіць. І есці ім заўсёды, вярнуўшыся позна вечарам з гурткоў, прыладзіць. Любіць гатаваць. Дома з маці пірагі пякуць, пячэнне, шарлотку.
Тым часам на творчым рахунку ў Вікі Коршун толькі за апошнія паўгода каля дзесяці работ з саломкі, пяць-шэсць выцінанак. Зараз вышывае дывановую дарожку з кветкамі, рыхтуецца да выставы. Да гэтага вышывала навагодні камплект, які пусцілі на продаж, і выкладчыкі тут жа з задавальненнем купілі.
І кожны дзень у яе літаральна распісаны па хвілінах — ніводнай вольнай. Такі ўжо яна мэтанакіраваны чалавек. Думаю, у яе добрая будучыня, застаецца толькі крыху падвысіць самаацэнку, каб часам не памерці ад сціпласці. А за талентам — не заржавее.
На здымку: Віка Коршун і яе творчыя работы.

Уладзімір МІХНО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.