Тысяча тон — на комбайне отечественного производства

img_3811Са з’яўленнем на лепельскіх палетках такой высокапрадукцыйнай збожжаўборачнай тэхнікі, як імпартныя камбайны “New Holland”, рэзка змянілася карціна ўборачнай кампаніі.

Новыя камбайны ўзялі на сябе самыя вялікія палі з самай высокай ураджайнасцю, іх экіпажы адразу сталі выходзіць у тысячнікі. Стала складвацца ўражанне, што экіпажы, якія працуюць на айчынных камбайнах нібыта заходзяць у цень. Між тым яны працуюць, і вельмі ўдарна! Так, на днях сваю першую тысячу тон збожжа ў бягучым сезоне намалаціў экіпаж СВФ “Заазер’е” інтэграванай структуры ААТ “Віцебскі мясакамбінат” у складзе Пятра Духовіча і Аляксандра Чыіна. Павіншаваць перадавікоў прыехалі начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Ігар Мароз і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Сяргей Марціновіч. Уручаючы падарунак, Ігар Мароз сказаў:
— Вось гэтыя людзі – сапраўдныя тысячнікі! Працаўнікі, якія мазалём сваім зарабілі сабе пашану і павагу! Хлопцы, ад усёй душы віншую вас з працоўнай перамогай і спадзяюся, што на гэтым вы не спыніцеся і ў далейшым мы яшчэ неаднаразова сустрэнемся з добрай нагоды.
Яго падтрымаў дырэктар СВФ “Заазер’е” Аляксандр Быкаў:
— Так трымаць, хлопцы, вы маеце яшчэ шанцы, каб дасягнуць большага поспеху, чым цяперашняя тысяча тон, у гаспадарцы яшчэ не адна тысяча гектараў.
— Мы ж і не супраць, — адказаў Пётр Духовіч, — абы толькі тэхніка не ламалася і надвор’е не падводзіла. Вы ж самі бачылі, колькі дзён давялося адстаяць, чакаючы, пакуль дождж спыніцца.
— А зараз вы, хлопцы, чаму на мехдвары, а не ў полі? — пытаюся ў камбайнераў.
— Чарговая паломка. Лопнула жалеза на днішчы, якраз у тым месцы, дзе праходзіць зерневы шнэк.
— Ваш камбайн, здаецца, не такі і стары.
— Працуе чацвёрты сезон, — успамінае Пётр. — Я яго атрымліваў у 2014 годзе, якраз у сярэдзіне сезона. Я тады на старым камбайне намалаціў першую тысячу тон, затым мне паведамілі, што трэба атрымліваць новы камбайн. Пакуль яго атрымаў і наладзіў, страціў неабходны час, мяне абышлі іншыя працаўнікі, але я ўсё роўна ў той год паказаў выдатны вынік, як і на наступныя сезоны.
— А нешта летась я не чуў пра цябе?
— У мінулым годзе я ў асноўным быў заняты на абмалоце рапсу, больш за 700 тон яго намалаціў, амаль палова рапсавага кліну гаспадаркі летась мая была. На ўборку збожжавых пераключаўся перыядычна, але ўсё роўна паспеў намалаціць зерня яшчэ больш за 700 тон. Пры падвядзенні вынікаў у залік ідзе толькі збожжа. Але калі лічыць цалкам, і зерневыя, і рапс, то я летась таксама тысячнікам стаў.
— Чым цяжкае сёлетняе жніво?
— Дрэнным надвор’ем. Даўно такога не было, каб на палях каляіны пасля камбайна заставаліся. Бывала, што і днішчам па зямлі сунуўся, два разы нават так загразаў, што мяне трэба было трактарам выцягваць. Зараз на палетках, дзе працуюць камбайны, дзяжураць энерганасычаныя трактары, як правіла, “Кіраўцы” К-744, яны выцягваюць.
Аляксандр Чыін, хоць і мае пасведчанне трактарыста-машыніста, аднак на трактарнай тэхніцы ў “Заазер’і” не працаваў, ён — вадзіцель машын. Аднак сёлета прапанавалі на сезон пайсці памочнікам да Пятра Духовіча, на што ён з ахвотай пагадзіўся. Праца памочніка камбайнера ад працы вадзіцеля, па прызнанні Аляксандра, істотна не адрозніваецца. І там, і там часта даводзіцца займацца рамонтамі і тэхнічным абслугоўваннем, без якога ні аўтамабільная, ні трактарная тэхніка надзейна працаваць не будзе.
Потым прайшлі ў майстэрню, дзе зваршчык Мікалай Александровіч заварваў камбайн. Каб было зручней, Пётр з Аляксандрам знялі ўсе дэталі, якія можна было зняць, раскрылі люкі. І ўсё роўна было яшчэ шмат працы складанай для зваршчыка. Аднак Мікалай Александровіч — спецыяліст з багатым досведам. Паступова, акуратна заварыў ён разрывы, умацаваў метал у асабліва небяспечных месцах, каб надалей мог вытрымліваць нагрузкі. Так, большую частку года камбайны стаяць на сезонным захоўванні, актыўна працуюць толькі на працягу двух месяцаў, але за гэтыя два месяцы атрымліваюць такую нагрузку, якую не зможа выцягнуць іншая тэхніка і за год.
На наступны дзень камбайн Пятра Духовіча і Аляксандра Чыіна выехаў у поле.
Васіль МАТЫРКА.

One thought on “Тысяча тон — на комбайне отечественного производства

  • 05.09.2019 в 10:35 пп
    Permalink

    Не смотря на погоду и различные трудности, настоящие профессионалы своего дела показали что им и горы по колено, а также что и отечественные комбайны могут наравне работать с импортными

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.