У “Кладоўцы здароўя”

У чытальнай зале цэнтральнай раённай бібліятэкі прайшло чарговае пасяджэнне ўдзельнікаў чытацкага аб’яднання “Кладоўка здароўя”, якой кіруе бібліятэкар Аксана Рудэнка. Пастаянны госць аб’яднання, старшы правізар цэнтральнай раённай аптэкі Ларыса Занько на гэты раз распавядала пра летнія дары, пра тое, якое ўздзеянне яны аказваюць на арганізм. Сабралася каля пятнаццаці слухачоў, якія з цікавасцю слухалі пра лячэбныя якасці гарбузоў, уздзеянне адвару сунічніка на сардэчна-сасудзістую сістэму, даведаліся аб лекавых якасцях пятрушкі, морквы, буракоў, калеандры і г.д.

Летні рамонт
Касметычны рамонт быў праведзены ў шэрагу ўстаноў культуры: у Чарэйшчынскім Доме культуры, Лепельскім ГДК, некалькіх кабінетах школы мастацтваў, Бароўскай бібліятэцы. Пафарбавалі падлогу, сцены, ацяпляльныя батарэі, паклеілі шпалеры. У рамонце ўдзельнічала і брыгада дзяцей, якія працавалі па лініі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Прынамсі, у Бароўцы на рамонт было затрачана каля сямісот тысяч рублёў ад упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, а таксмама каля двух мільёнаў сродкаў, заробленых установамі культуры. Тут пафарбавалі падлогу, дзверы, змянілі шторы і г.д.

Патрыятычныя выставы
Вось ужо месяц у Бароўскай бібліятэцы экспануюцца дзве выставы на патрыятычную тэматыку. На выставе “Прачытай кнігу пра вайну” сабраны не толькі кнігі, але і іншыя экспанаты — дакументы і фатаграфіі, узнагароды, прадметы ваеннай амуніцыі і г.д. Выставу “Героі Савецкага Саюза, ураджэнцы Лепельшчыны” можна было пабачыць не толькі ў бібліятэцы, але і на беразе возера, пад час святкавання ўрачыстасцяў з нагоды 70-годдзя вызвалення Беларусі.
Віктар ЛЯШЧЫНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.