У бабулі Аліны з Вялікага Поўсвіжа Лепельскага раёна на восьмым дзясятку клопатаў шмат, як у маладой

11 красавіка 008У бабулі Аліны з Вялікага Поўсвіжа на восьмым дзясятку клопатаў шмат, як у маладой. А хто сказаў, што яна старая? Старыя — гэта хто на прызбе сядзіць, кіем паветра паганяе, успамінае свае лепшыя гады ды бурчыць-вучыць жыць моладзь.

Аліне Сідараўне ні таго ні другога пакуль рабіць не даводзіцца. Кій ёй, дзякуй богу, пакуль не патрэбны, працаваць замінае, а павучаць жыць іншых часу не хапае. Трэба працаваць. А як жа!
На падворку пасецца конік. Рыжыкам яго гаспадыня кліча. Кажа, што на ўвесь Поўсвіж тры кані толькі. Можа, і перабольшвае. Аднак не гэта важна. Цікава іншае: з гэтых трох коней двух тут трымаюць дзве адзінокія жанчыны немаладога веку. Новая мода пайшла ці што? Трымаць каня — занятак для сапраўдных жанчын.
Вось і ў бабулі Аліны конік — спадчына з былой яе вёскі жыхарства. Дагэтуль жыла ў Казлах, аднак пасля смерці мужа вырашыла пераехаць бліжэй да дачок. Купіла ў Поўсвіжы дом і (увага!) сама яго адрамантавала: падшыла столь, зляпіла печку. Ну, можа, тая печка на выставу і не пойдзе, аднак з бабулі Аліны пячнік атрымаўся зусім не кепскі. Печка грэе добра, ды нават вунь як добра, у хаце цёпла. А трэба ж было старой бабе — у той час ёй было пад семдзесят — стоць стаяць, столь падшываючы.
Можна назваць гэта дзівацтвам, можна назваць гэта чарговым капрызам старога чалавека ці незразумелым, як цяпер кажуць, «фінтом» яго. А можна — проста жыццём. Проста жыць, як умееш, як атрымліваецца, як душа ляжыць. Ну не прывыкла Аліна Сідараўна па жыцці лайдачыць. Дык і зараз, на схіле веку, проста так сядзець, рукі склаўшы, для яе проста непрымальна, бо вусцішна. Яна працуе не таму, што хтосьці ў яе гэткі ўжо бедны і дапамогі прагне. І дочкі замужнія, уладкаваныя, і ўнукі не гаруюць, і праўнукі абышліся б, калі што, без яе пачастункаў. А працуе Аліна Міхно, што гэта ўклад яе жыцця, яе жыццёвая прастора, яе сусвет. У такім, у працоўным, сусвеце яна нарадзілася, вырасла.
Родам яна з Зароўя, таго, што непадалёк ад Кашчына. Нарадзілася да вайны, якой, аднак, амаль што не памятае. Хіба што ўзгадваецца, як немец ёй яйка даваў ды як маці яўрэйскага хлопца ў хаце схавала. Бацька з тае вайны не вярнуўся, і маці давялося адной гадаваць двух дзетак. Пасля Аліна пазнаёмілася з Пятром Міхно, які ў Кашчыне школу будаваў, і выйшла замуж у Казлы. Муж быў інвалідам, і Аліна не надта яго напружвала — усё сама, усё хапком, усё подбегам. Ставала сілы. Сама хадзіла за плугам, сама касіла і сеяла. Пахадзілі крыху на працу з Пятром у горад: спачатку на хлебазавод, затым на растворны вузел. Што ёй той растворны, калі яна ўжо ў трынаццаць гадоў рупілася на цагельным заводзе ў Есяноўках. Меўшы пяць класаў школы, гэта ўнікальная жанчына скончыла не адзін жыццёвы ўніверсітэт, і ўсе на выдатна. А хіба ж не ўнікальная? Дзе вы яшчэ сустрэнеце жанчыну-аратага, касца, печніка, цесляра, конюха, свінарку, даярку, цялятніцу і г.д. — усе ў адной асобе?
Папрацавалі ў горадзе, вярнуліся ў вёску. Дзесяць гадоў кароў даіла, затым цялят даглядала.
Ды што там мінулы час. Аліна Сідараўна, не згінаючы пальцаў, пералічвае свой сённяшні хлеў: конь, куры, парася… Якое там парася! Свінаматка ў яе! І сотак пяцьдзясят агарода. Пасеяла пшанічку, хутка бульбачку садзіць, а пасля і ўсю гародніну. Як жа без яе! Усё сваё да стала і ўсё свежанькае. А бабулі Аліне семдзесят сем гадоў. І дай ёй бог так да ста бегаць у баразне, а рукі скласці, толькі калі ўжо стоміцца зусім. Пакуль жа яшчэ не стамілася. Наварыць усяго, насмажыць і праўнукаў пачастуе — Карыну, Аляксандру, Дзяніса, Дзіяну. Ёсць, дзякуй богу, дзеля каго жыць, ёсць для каго старацца.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: Аліна Сідараўна Міхно.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.