Наша родная лепельская зямля вырасціла і выхавала не толькі шэраг герояў-абаронцаў Айчыны часоў ваеннага ліхалецця, але і мірнай, стваральнай працы

МазалоНаша родная лепельская зямля вырасціла і выхавала не толькі шэраг герояў-абаронцаў Айчыны часоў ваеннага ліхалецця, але і мірнай, стваральнай працы. Адна з іх — Герой Сацыялістычнай Працы Ганна Васільеўна Мазала.

Таму проста не мог не ўвекавечыць светлы вобраз гэтай жанчыны ў сваёй карціне лепельскі таленавіты мастак Аляксей Ляшчоў. Як жывая глядзіць Ганна Васільеўна сваім задумлівым, аптымістычным позіркам праз густую засень мінулых гадоў на нас, сваіх нашчадкаў, якія сёння жывуць у надзвычай імклівым, хутка зменлівым, вельмі багатым на разнастайныя падзеі XXI стагоддзі.
Нарадзілася Ганна Мазала 22 снежня 1925 года ў вёсцы Закаліўе Лепельскага раёна ў шматдзетнай сялянскай сям’і. Бацька яе — Васіль Гардзіёнак — быў першым старшынёй мясцовага калгаса “Чырвоны прамень”. Аднак пазней ён быў рэпрэсаваны, загінуў у 1937 годзе. Калі забіралі бацьку, усё збожжа вынеслі, вымелі да зярнятка з дому — на голад пакінулі сям’ю. Захварэла і праз два гады памёрла маці. Шасцёра дзяцей засталіся на руках у старэйшай сястры Фросі, якой у той час споўнілася крыху больш за дваццаць гадоў. Аладкі пяклі з мёрзлай бульбы. Каб выжыць, харчаваліся рудзькай, сурэпкай, шчаўем.
У вайну стала яшчэ горш. Фросі загадалі гнаць калгасную жывёлу на ўсход, дзесьці там яна і засталася. Брат Лазар пайшоў у партызаны і загінуў. Засталіся ўчацвярых. Згарэў дом. Ганна разам з братам Лявонам выкапала зямлянку. Брат Аляксей — інвалід, гарбаценькі — таксама не вытрымаў такога жыцця, памёр. На шчасце, малодшая сястра Люба засталася жывой.
Шэсць гадоў працавала ў паляводчай брыгадзе: жала сярпом збажыну, рвала лён, выконвала іншыя работы. Неяк зазірнула на мясцовую свінаферму. Убачыла, як свінні тонуць у гноі, парасяты блукаюць недагледжаныя, галодныя, вішчаць на ўсё наваколле. Ноч не спала, так моцна перажывала за гаротную жывёлу. Таму вырашыла ёй дапамагчы.
— Брыгадзір быў вельмі рады, калі я выказала жаданне пайсці працаваць свінаркай, — успамінала Ганна Мазала. — Ён даўно ўжо думаў, каго б паслаць на свінаферму, каб там быў наведзены парадак. А я з дзяцінства любіла хатнюю жывёлу, умела даглядаць яе. Так што мне гэтая праца была па душы.
У той час ніякай механізацыі на ферме не было, усё рабілі ўручную, у тым ліку вёдрамі адносілі, выдалялі з памяшканняў гноевую жыжу.
Сама лячыла свіней, калі яны хварэлі. Завяла ў свінарніку аптэчку, у якой былі розныя лекі, шпрыцы. У выпадку неабходнасці сама рабіла ўколы. Асабліва ўважліва адносілася, лячыла ад розных немачаў парасят, часам даводзілася іх карміць, выратоўваць з дапамогай соскі.
Ніякіх канцэнтратаў тады не было. Жывёла спажывала ў асноўным толькі травяністыя кармы. Летам свінні былі на вольнай пасьбе па наваколлі, аднак раніцай і вечарам ім прывозілі машыну лубіну.
Паступова павялічвалася вытворчасць і рэалізацыя прадукцыі. Ганна Васільеўна працавала ў той час ужо на свінакомплексе ў вёсцы Звязда калгаса імя Жданава, старанна даглядала свінаматак, лашчыла іх, уволю карміла, захоўвала ад прастудных захворванняў, лячыла ад розных немачаў і таму ў выніку да мінімуму звяла падзеж, гібель жывёлы. Паказчыкі выраслі такім чынам, што на кожную свінаматку ўжо прыходзілася па 22,8 галавы прыплоду. Працавала свінаркай больш за дваццаць гадоў.
— Свінні ж і прывялі мяне ў Маскву, — можа з гумарам, а можа і ўсур’ёз неаднойчы гаварыла Ганна Мазала.
Неяк аднойчы ў 1966 годзе Ганна Васільеўна вярталася вечарам дадому, а насустрач ёй людзі бягуць вельмі радасныя, задаволеныя і адразу сталі яе шчыра віншаваць, паднялі на рукі і пачалі падкідваць уверх, гушкаць. А гэта проста па правадным радыё, якое тады было ў амаль кожнай вясковай хаце, перадалі ў навінах, што Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 22 сакавіка 1966 года за дасягнутыя поспехі ў развіцці жывёлагадоўлі, за павелічэнне вытворчасці і нарыхтовак мяса Ганне Мазала было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля “Серп і молат”.
Пасля гэтага на свінакомплекс сталі рэгулярна наведвацца прадстаўнічыя дэлегацыі не толькі з Беларусі, але і з-за межаў нашай краіны, вывучалі перадавы вопыт па дасягненні высокіх паказчыкаў у вытворчай дзейнасці, захаванні пагалоўя свіней.
Ганна Васільеўна да апошняга ахвотна сустракалася з моладдзю, асабліва з тымі яе лепшымі прадстаўнікамі, якія выбралі сельскагаспадарчыя прафесіі, вырашылі ладзіць сваё ўласнае жыццё на вёсцы, працягваюць яе справу.
Ганна Мазала выбіралася дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, была ганаровым грамадзянінам Лепельскага раёна.
Мікалай ГАРБАЧОЎ.
На здымку: партрэт Героя Сацыялістычнай Працы Ганны Васільеўны Мазала, які намаляваў мастак Аляксей Ляшчоў (творчы псеўданім Manchado).
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.