У Лепельскім музеі

43460 гадоў для чалавека – шаноўны ўзрост, калі асноўныя жыццёвыя мэты дасягнуты, вехі пройдзены і можна скіравацца на заслужаны адпачынак. 60 гадоў для раённага краязнаўчага музея – вопыт, дасягненне, якім можна ганарыцца, аднак не спачываць на лаўрах, а, абапіраючыся на яго, рухацца далей.


Афіцыйнай падставай для стварэння ў Лепелі раённага краязнаўчага музея стала Рашэнне Савета Міністраў БССР №1283 ад чацвёртага лістапада 1953 года. Першая экспазіцыя прыняла наведвальнікаў восьмага снежня наступнага года.
Усё ж краязнаўчыя традыцыі на Лепельшчыне маюць больш багатыя традыцыі, больш глыбокія карані. Варта ўспомніць хаця б такіх аматараў даўніны, як Міхаіл Кусцінскі, Іван Гарбачэўскі, Дзмітрый Даўгяла, Рыгор Кладніцкі. Несумненна, кожны з іх збіраў сваю калекцыю старажытнасцей, адметных артэфактаў. Аднак гэта былі прыватныя зборы, закрытыя ад шырокіх колаў гледачоў. Між тым надзённай патрэбай было месца, дзе кожны жадаючы мог бы пазнаёміцца з гісторыяй краю. Такім месцам, асяродкам па праву лічыцца раённы краязнаўчы музей.
Сучасныя краязнаўцы, археолагі шырока і даволі плённа супрацоўнічаюць з Лепельскім раённым краязнаўчым музеем. Найперш вядзецца вывучэнне матэрыялаў, змешчаных у фондах захоўвання. У сваю чаргу, фонды папаўняюцца па выніках правядзення археалагічных раскопак, этнаграфічна-фальклорных экспедыцый.
Адной з найбольш значных форм працы, практыкуемых у краязнаўчым музеі ў апошні час, сталі рэгулярныя Лепельскія краязнаўчыя чытанні. У ходзе іх навукоўцы-прафесіяналы і аматары абменьваюцца звесткамі пра апошнія знаходкі, зачытваюць даклады, дзеляцца думкамі. Па выніках чытанняў абавязкова выдаюцца зборнікі матэрыялаў. Напрыклад, рэгулярным удзельнікам Лепельскіх чытанняў з’яўляецца археолаг Марат Клімаў. Кожнае лета ён даследуе аб’екты на Лепельшчыне, каб потым расказаць пра іх шырокай навуковай грамадскасці.
Між тым, і самі супрацоўнікі Лепельскага раённага краязнаўчага музея займаюцца не толькі адмістрацыйна-гаспадарчымі функцыямі, а і самі актыўна ўдзельнічаюць у вывучэнні роднага краю, папулярызацыі яго гісторыі. Так, дырэктар Аліна Стэльмах напісала і выдала манаграфію “Бярэзінская водная сістэма”, дзе найбольш поўна даследавана гісторыя пабудовы, функцыянавання гідратэхнічнага аб’екта, які надаў жыццю павятовага горада новы імпульс, звязаў яго рэгулярнымі транспартнымі зносінамі з вялікімі гарадамі Расійскай імперыі. Сіламі калектыву краязнаўчага музея выдадзена кніга “Нарысы гісторыі Лепельшчыны”.
Асобнае слова трэба сказаць пра збор музычных інструментаў і, у прыватнасці, пра дуду вырабу другой паловы ХІХ стагоддзя. У свой час гэты інструмент быў незаслужана забыты, ва ўсёй Беларусі захаваліся некалькі адзінак, у тым ліку і ў Лепелі. Менавіта па ўзоры з Лепеля сёння аматары старажытнай музыкі робяць свае інструменты. Дарэчы, на свяце для гасцей грала менавіта такая дуда.
Якраз пад час свята ў музеі праходзіла выстава “Фарбы Лепельшчыны”, дзе былі сабраны карціны лепельскіх творцаў. Дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Уладзімір Пракапцоў, які пачынаў свой працоўны шлях на Лепельшчыне, не парывае сувязі з нашым краем. У музеі праходзілі выставы яго работ, а таксама шэдэўраў са збораў Мінска. Многія лепяльчане памятаюць, напрыклад, выставу карцін знакамітага мастака Івана Хруцкага, прызнанага майстра партрэта і нацюрморта.
На юбілей у Лепель прыехала шмат гасцей, усіх іх звязвае любоў да роднага краю, цікавасць да гісторыі, апантанасць мастацтвам.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: экскурсія па залах раённага краязнаўчага музея.
Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.