Узводзіцца шматкватэрнік

У Лепелі па вуліцы Калініна пачалося будаўніцтва 80-кватэрнага жылога дома для грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, стаяць на адпаведнай чарзе ў райвыканкаме. Генеральны падрадчык сацыяльнага аб’екта, які ўзводзіцца, — ДКУБП “Лепельская ПМК-75”. Агульны аб’ём будаў­ніча-мантажных работ — 33,5 мільярда рублёў. На ўзвядзенні дома ўжо забіты палі, вядуцца бетонныя работы па абуладкаванні фундамента жылой пабудовы.

 

Сад у садзе

У Чарэйшчынскім дзіцячым садзе ёсць свой невялікі сад. Сёлета яблыкаў з уласнага саду хапіла амаль да вясны.  Дапамагае і мясцовая гаспадарка. Увосень  ААТ “Чарэйшчына” забяспечыла дзяцей свежаю бульбаю. Вырошчваюць у дзіцячым са­дзе і гародніну. Участак зусім невялічкі, аднак агародніны з градак хапае ўвосень на працяглы час. Асноўныя ж прадукты да стала закупляюць у гандлёвай сетцы.

 

Бацькі купілі магазін

 У Чарэйшчыне бацькі купілі магазін і падарылі мясцоваму дзіцячаму саду. Магазін, вядома, не сапраўдны, так называецца дзіцячая ролевая цацка. І гэта не адзіны спонсарскі падарунак бацькоў дзіцячай установе. Набылі пазлы (па-іншаму канструктар-буквар). А гаспадарка закупіла для сада цырульню, кухню і іншыя гульні, істотна дапамагла з фарбаю, цэментам ды іншымі неабходнымі для рамонту матэрыяламі.

Зараз у садзе ідзе падрыхтоўка да новага навучальнага года. Фарбуюць памяшканні — вокны, дзверы, падлогу і г.д. Прыводзяць у парадак спартыўныя снарады і пляцоўкі для гульняў, пясочніцы.

Сёлета ва ўстанове займалася дзесяць дзяцей.

 

Выніковая выстава

 Штогадовая выніковая выстава творчасці вучняў Лепельскай дзіцячай школы мастацтваў “Вясеннія фарбачкі” адкрылася ў цэнтральнай раённай бібліятэцы. Прадстаўлена больш за восемдзесят твораў розных стыляў і відаў творчасці — разьба па дрэве, малюнак алоўкам, пластылінавая графіка і іншыя. Ёсць работы як выпускнікоў школы, так і маленькіх яе выхаванцаў. Выстава будзе працаваць да канца лета.

 

Папрацавалі і адпачылі

 Дзесяць старшакласнікаў папрацавалі і адпачылі ў летніку працы і адпачынку “Каласок”. Тры тыдні дапамагалі мясцовай гаспадарцы “Пражэктар”. Адзін дзень знаходжання ў лагеры кожнага абыходзіўся больш за трыццаць восем тысяч рублёў. Было арганізавана трохразовае харчаванне, праходзілі заняткі з элементамі трэнінгу “Маё імя, мае сябры і абавязкі перад імі”, проводзіліся гульнявыя праграмы “Мая бяспечная дарога” і іншыя. Дзеці зарабілі прыкладна па шэсцьсот семдзесят тысяч рублёў і засталіся задаволеныя.

 Наш кар.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.