Якасць і колькасць

IMG_5398На малочнатаварную ферму ААТ “Лядна” ў Слабодцы заехаў ў пачатку вячэрняй дойкі. Трактар з кормараздатчыкам праехаў па хлявах, рассыпаў сянаж, а жанчыны раздавалі камбікорм. У кладоўцы насыпалі яго ў вёдры, мяхі і неслі да кароў. І ўсё на сваіх руках і плячах, без дапамогі мужчын.
Існуюць строга вызначаныя нарматывы, колькі і якой карове выдаваць камбікорму, асноўны паказчык пры гэтым — надой малака. А каму, як не даярцы, пра яго і ведаць?
Каровы ўжо чакаюць, выцягваюць насустрач галовы, асабліва нецярплівыя коратка мыкаюць. Над іх галовамі вісяць шыльдачкі, дзе запісаны мянушкі, іншая інфармацыя, аднак найбольш інфармацыі магчыма даведацца толькі ад жанчын. Аднак жа няма часу, трэба як найхутчэй накарміць іх, а потым прымацца за даенне.
Адна жанчына не несла корм на руках, а нагрузіла яго на тачку і павезла. Прайшоў з ёй разам. Ніна Уладзіміраўна Таран — даглядчыца цялят. Пад яе апекай — каля 120 галоў маладняку, колькасць пагалоўя­ рэгулярна мяняецца, падрослыя бычкі і цялушкі пераводзяцца ў іншы хлеў, а на іх месца паступаюць цяляты, якія нядаўна нарадзіліся. Праз некалькі месяцаў наступіць перыяд масавых расцёлаў. Тады пагалоўе хлява значна прырасце, да 150 — 160 галоў.
Паводле тэхналогіі жывёлагадоўлі, цяляты да 21 дня знаходзяцца асобна, іх даглядаюць, кормяць даяркі, ад чыіх кароў той прыплод. Потым перадаюцца на дарошчванне. У цялятніку гадуюцца да паўгода, пасля чаго пераво­дзяцца ў наступную ўзроставую групу. Асноўны корм цялятаў — сена, для старэйшых — сянаж, камбікорм, замяняльнік цэльнага малака, спецыяльная кармавая дабаўка “фелуцэн”.
Ніна Уладзіміраўна даволі хутка раздала камбікорм, паставіла каляску на месца, а потым пайшла ў асноўны хлеў па ваду для паення. Падумалася, чаму б не забяспечыць ферму яшчэ каляскамі, каб жанчыны не цягалі мяхі з камбікормам на плячах…
Папрасіў жанчын зайсці ў пакой адпачынку, каб зрабіць сумеснае фота, пасля чаго яны хутка разышліся па сваіх працоўных месцах. Засталіся пагутарыць з загадчыцай фермы Алай Яўгенаўнай Касакевіч.
— Ала Яўгенаўна, на маё пытанне аб заробках некаторыя даяркі называлі лічбы 1,8 — 2 мільёны рублёў.
— Не згодна з вамі. Заробак даяркі напрамую залежыць ад вынікаў яе працы. Калі жанчына ад групы кароў за месяц надойвае па пяць — шэсць тон малака, то ў яе, адпаведна, будзе і нізкі заробак. А калі надойваюць па 12 — 15 тон, то заработная плата можа дасягаць пяці — шасці мільёнаў рублёў. Летам, у пару вялікага малака, некаторыя даяркі надойвалі да 18 — 20 тон. На раздоі першацёлак заробкі яшчэ вышэйшыя. Я называю рэальныя лічбы, якія можна праверыць па справаздачнай дакументацыі.
Аднак асобныя нашы работніцы неахайна ставяцца да сваіх працоўных абавязкаў. Некаторыя не выходзяць на працу, асабліва пасля атрымання зарплаты. Тады даводзіцца а пятай гадзіне раніцы абыходзіць па хатах, падымаць такіх “работніц”, кантраляваць, як яны дабіраюцца.
— З чаго яшчэ складаецца заробак?
— Даплаты налічваюцца за догляд цялят да 21 дня, там улічваюцца прывагі. Робяцца даплаты за стаж, кваліфікацыю. Кожны чацвер праводзіцца санітарны дзень, калі памяшканне вымываецца, беліцца. За працу ў кожны такі дзень даяркам даплачваецца па 70 тысяч рублёў. Здаецца, няшмат, але з такіх драбніц пакрысе складаецца заробак.
— Колькі ўсяго работнікаў працуе на ферме?
— У розны час — ад 20 да 25 чалавек. У нас восем асноўных даярак і дзве падменныя. Жанчыны працуюць па пяцідзёнках: чатыры дні на ферме, пяты — выхадны. Акрамя іх у нас лічацца чатыры цялятнікі, даглядчыкі кароў, слесары. Разам мы даглядаем 783 галавы буйной рагатай жывёлы. З гэтай лічбы дойных кароў — 297, з якіх 89 — у запуску, у чаканні патомства.
За суткі на ферме надойваецца па 3,4 — 3,5 тоны малака, дзяржаве здаецца каля трох тон, астатняе накіроўваецца на паенне цялят. Улік якасці прадукцыі ажыццяўляецца па дзесяцідзёнках. Раз на дзесяць дзён бяруцца рэдуктазныя пробы малака, па якіх і вызначаецца якасць. Тры апошнія дзесяцідзёнкі ферма трымае гатунак “экстра”, што значна павышае выручку і, адпаведна, заробкі персаналу. Да гэтага ферма стабільна трымала вышэйшы гатунак. Будзем працаваць, каб усё ж такі стала замацаваць дасягнутую планку, не апускаць яе.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: цялятніца Ніна Таран.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.