Заслужить доверие пациентов

mitrofanovaМолада — гэта не заўсёды зелена! Менавіта з гэтай фразы я хацела б пачаць аповед пра маладога спецыяліста, урача-хірурга ўстановы аховы здароўя “Лепельская цэнтральная раённая бальніца”.

Малады — не значыць недасведчаны, бо сталасць праяўляецца не на твары. Вопыт адчуваецца ва ўласных учынках чалавека. Ідучы на прыём да доктара, мы яму давяраем. А калі гэты ўрач яшчэ зусім малады? З упэўненасцю можна сказаць, што сярод урачоў не сустрэнеш выпадковых людзей. Медыцынскім работнікам не проста становяцца, ім, магчыма, і нараджаюцца!
З першых хвілін размовы з Анастасіяй Мітрафанавай зразумела, што яна добрай душы чалавек. Дзяўчына добрасумленна ставіцца да працы, заўсёды спяшаецца на дапамогу людзям і імкнецца пазбавіць іх ад хвароб.
Анастасія Сяргееўна родам з гарадскога пасёлка Шуміліна, а ў наш раён трапіла па размеркаванні. Спачатку вучылася ў мясцовай школе, потым — у гімназіі, дзе выбрала хіміка-біялагічны профіль. Зразумела, што адзнакі былі добрыя, інакш і не магло быць. Атрымаўшы пасведчанне аб сярэдняй адукацыі, для далейшай вучобы выбрала факультэт «Лячэбная справа» ў Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце.
Першыя два курсы былі, можна сказаць, звычайныя, бо вывучалі на іх агульнаадукацыйныя прадметы: паліталогію, сацыялогію, эканоміку і іншыя. Зразумела, анатомія і фізіялогія вывучаліся на больш глыбокім узроўні, бо гэта аснова ведаў урача. Аднак медыцынскі работнік павінен быць адукаваным і ў іншых галінах, як і кожны іншы спецыяліст. З чацвёртага курса ўніверсітэта пачаліся спецыялізаваныя прадметы, а з выбарам справы жыцця было вырашана толькі ў канцы пятага курса.
Пакуль Анастасія вучылася, яе погляд на будучую прафесію мяняўся, былі і розныя меркаванні, кім хоча выйсці з вышэйшай навучальнай установы. Спачатку хацела быць тэрапеўтам, потым — траўматолагам. Некаторы час захаплялася інфекцыйнай тэмай. Аднак на пятым курсе выбрала хірургічны накірунак.
На апошніх курсах дзяўчына прысутнічала на аперацыях, абследавала пацыентаў. Як сапраўдны ўрач збірала анамнез хворага, ставіла дыягназ, прызначала прыкладнае лячэнне. Заняткі ў асноўным праходзілі ў бальніцах.
— У канцы навучання зразумела, што хірургія — гэта мая справа, — прызнаецца Анастасія. — Вялікую ролю тут адыгралі педагогі. Слухаючы адных, пачынаеш разумець, што гэты прадмет нудны, з іншымі ж — адразу з’яўляецца цікавасць і да прадмета, і да прафесіі. Мне пашанцавала з настаўнікамі. Яны ў першую чаргу давалі магчымасць паразважаць, навучылі думаць у клінічным накірунку.
Вельмі важная і практыка для студэнта. Толькі тут можна ўбачыць моманты, пра якія не напісана ні ў адным падручніку. І роля педагога значная не толькі тым, што даў прааперыраваць апендыцыт, а тым, што навучыў думаць у патрэбным накірунку, прымаць верныя рашэнні. У час аперацыі хірург выратоўвае чалавека сваімі рукамі.
Калі Анастасія Сяргееўна выйшла на працу, адразу адчула, наколькі вялікая адказнасць урача. Доктар ставіць сваё прозвішча пад дыягназам, і гэта знакавы момант для ўсіх урачоў.
Пацікавілася ў суразмоўцы, чым прыцягвае яе абраная прафесія. Як аказалася, пры паступленні ў ВНУ ацэнка рабілася па некалькіх крытэрыях: будучая справа жыцця павінна быць прэстыжнай, цікавай і прыносіць даход.
— Ужо паўгода вы працуеце на пасадзе. Ці такой уяўлялася прафесія хірурга?
— Хоць тэорыя і практыка — гэта зусім розныя рэчы, я нічым не была здзіўлена, калі прыйшла на працу.
Завялі гутарку і пра складанасці, з якімі сутыкнулася ў першы час. Да гэтага не вяла прыём адна, побач заўсёды быў кампетэнтны ўрач, які падкажа, калі трэба, выправіць. Здараецца, звяртаюцца пацыенты з хваробамі, пра якія раней не ведала, а трэба прымаць самастойнае рашэнне.
У гэтай справе вельмі дапамагае вопытная медсястра Лідзія Мядзведзева, якая даўно працуе ў кабінеце хірурга раённай паліклінікі. Лідзія Антонаўна працавала з рознымі ўрачамі, мае багатую практыку. Добрыя парады мудрага спецыяліста не даюць разгубіцца ў складаных сітуацыях.
Вельмі добра малады спецыяліст адгукаецца пра вопытных хірургаў, якія ніколі не адмовяць у дапамозе, а таксама пра калектыў цэнтральнай раённай бальніцы. У любы момант можна звярнуцца за парадай да загадчыка хірургічнага аддзялення Аляксея Пракоф’ева, які з’яўляецца і настаўнікам для маладога спецыяліста.
Вельмі запомніўся Анастасіі і яе першы працоўны дзень, калі хвалявалася, як прыме калектыў, якія ўвогуле тут працуюць людзі. Аднак хутка Анастасія адчула прыязныя адносіны калег.
Вядома, вельмі важна, каб у новым калектыве працавалі аднадумцы, з якімі можна паразмаўляць не толькі пра работу, а і на розныя іншыя тэмы.
Прыемна было даведацца і пра ўражанні маладога ўрача ад лепельскага краю.
— А вы паглядзіце ў акно, — кажа Анастасія, — такую прыгажосць мала дзе знойдзеш.
На самой справе, від з акна цудоўны. Іглічныя дрэвы не толькі радуюць вока, а і прыносяць карысць. А як прыемна бачыць зялёны пейзаж зімой! Такое можа быць толькі ў санаторыі.
…За невялікі перыяд працы маладому хірургу давялося бачыць адсечаныя пальцы, вялікія раны ад пілы ці мясарубкі. Аднак не заўважыла ў вачах Анастасіі Сяргееўны ні кроплі страху.
— З дзяцінства не баялася крыві, у дарослым узросце — тым больш. У экстраных сітуацыях хірург павінен думаць не пра страх, а як хутчэй і больш кваліфікавана дапамагчы чалавеку.
— Калі ў паліклініку звяртаецца пацыент з рэзанай ці іншай ранай, адразу накіроўваемся з ім у перавязачную, дзе зашываем, адразаем ці робім іншыя хірургічныя ўмяшальніцтвы, — дзеліцца Анастасія. — Кожны раз даводзіцца прымаць рашэнне адразу і зараз.
У раённай бальніцы, лічыць мая суразмоўца, вельмі добрая практыка для маладога спецыяліста. Тут ёсць чаму павучыцца. Моладзь, можна сказаць, ідзе на амбразуру. І гэта не дрэнны прынцып. У Мінску або абласным цэнтры маладому хірургу стаць за стол і самастойна аперыраваць — амаль нерэальна. Акрамя гэтага, сярод пацыентаў ёсць дзеці і людзі ў сталым узросце, шмат розных выпадкаў.
— Ці трэсліся рукі па першым часе?
— Не, — спакойна адказвае суразмоўца і ўсміхаецца. — Калі толькі ўначы ад стомленасці.
— Якімі якасцямі, на вашу думку, павінен валодаць хірург?
— Спакойнымі адносінамі да пэўнай сітуацыі, не панікаваць і ўмець прымаць узважанае рашэнне.
— З якімі пацыентамі больш складана працаваць?
— Напэўна, з маленькімі, бо яны не могуць сказаць, што ў іх баліць. Асобая катэгорыя — пажылыя людзі, якім трэба ўдзяліць шмат увагі, выслухаць іх праблемы. У пэўнай ступені, даводзіцца быць яшчэ і псіхолагам.
У пачатку размовы хацелася спытаць у суразмоўцы, як заваяваць давер хворага. Аднак адказ магу даць сама. Пакуль гутарыла з Анастасіяй Сяргееўнай, заўважыла, што сама ўжо ёй давяраю цалкам, хоць і не на прыём да яе прыйшла. Сваёй усмешкай, шчырасцю і спагадай малады спецыяліст падкупляе з першай хвіліны.
Чым жа займаецца маладая дзяўчына ў вольны час? Анастасія вельмі любіць жывёл, у дзяцінстве даглядала катоў і сабак. Цяпер, калі прыязджае дадому, ёй спяваюць песні папугайчыкі. Раней яшчэ вышывала крыжыкам, цяпер на гэтую справу няма часу, бо, акрамя прыёму пацыентаў, ёсць яшчэ дзяжурствы ноччу, а таксама ў выхадныя дні. Часам увечары ад стомленасці не хочацца нават размаўляць. Тады ўрач бярэ ў рукі кніжку — і думкамі цалкам апускаецца ў падзеі дэтэктыву. Менавіта гэты жанр Анастасія любіць больш за іншыя. Калі-небудзь можа і раман прачытаць — усё залежыць ад настрою.
Няма стопрацэнтных гарантый, што нават самая простая аперацыя пройдзе ідэальна. Любое хірургічнае ўмяшальніцтва, — гэта, перш за ўсё, рызыка. Пасляаперацыйны перыяд таксама не менш важны, ён таксама знаходзіцца на пільным кантролі ў маладога спецыяліста.
Хоць і прыйшла да Анастасіі Сяргееўны ў канцы рабочага дня, усё роўна наведвальнікі зазіралі ў кабінет, тэлефанавалі, усім патрэбны былі дапамога і кансультацыя спецыяліста. За той дзень на прыёме было 42 пацыенты, але малады ўрач усё роўна ўсміхаецца, ідзе па жыцці з аптымізмам і заўсёды гатова дапамагаць людзям.
Наталля
ХРАПАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.