Зажынкі ў Лепельскім раёне

 

IMG_0295Жала я жыта, жала,

Цёмная ночка настала.

Цёмная ночка настала —

Халодная раса апала.

Такімі словамі пачынаецца старажытная жніўная песня, з якой сто-дзвесце гадоў таму жанчыны зажыналі першыя снапы. З гэтай песняй, як і іх матулі і бабулі ў свой час, сёлета старэйшыя жыхаркі аграгарадка Стаі Галіна Савельеўна Фокіна, Зінаіда Ільінічна Кулеш і Валянціна Якаўлеўна Смажэўская зажыналі першы сімвалічны сноп. Яшчэ ў песні яны прасілі Бога дапамагчы ў працы, даць добрае надвор’е, сіл і здароўя, каб паспець “зжаці поле”.

 

Раённыя зажынкі сёлета праводзіліся на полі СВФ “Заазер’е” ААТ “Лепельскі МКК”, што раскінулася перад вёскай Кальнікі. І хаця фактычна жніво пачалося ўжо, першыя машыны намалочанага збожжа прыбылі на сушыльныя комплексы, усё ж сімвалічны рытуал не правесці было нельга.

У прызначаны час на ўскрайку поля стаялі тры камбайны, побач спыніліся тры машыны, трактар МТЗ-82 з прэс-падборшчыкам для прасавання саломы, апошняй пад’ехала пажарная машына.

Галоўны аграном сельскагаспадарчага філіяла Уладзімір Судак коратка распавёў пра віды на сёлетні ўраджай:

— Усяго да ўборкі ў “Заазер’і” сёлета — 2418 гектараў збожжавых. На выгляд, зерне ў каласах вырасла неблагое, аднак штосьці канкрэтнае гаварыць рана: не той хлеб, што на палях, а той, што ў свірнах. Галоўнае, каб на­двор’е не падвяло.

— А што скажаце пра поле, дзе ўжо работы пачаліся?

— Тут выспела азімая пшаніца сорту “ядвіся” элітнай рэпрадукцыі. Першыя праходы далі па 29,5 цэнтнера з гектара. Плошча поля — 21 гектар, да канца дня хлопцы дажнуць яго ды пераедуць на наступнае.

Пад час урачыстай часткі мерапрыемства начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Аляксандр Быкаў прамовіў:

— Працаўнікі зямлі, вы ўсе ведаеце, як цяжка сёлета даецца ўраджай. Нягледзячы ні на якія праблемы, мы летась і сёлета сеялі, даглядалі пасевы. Засталося самае важнае — сабраць ураджай. Толькі тая дзяржава, якая мае свае прадукты харчавання, можа спакойна і ўпэўнена глядзець у будучыню.

Першы сноп быў уручаны Аляксандру Быкаву, а потым і кіраўнікам гаспадарак, якія спецыяльна прыбылі на імпрэзу, і, вядома ж, галоўным асобам жніва — камбайнерам і аграному. Каравай са збожжа мінулага года ўручылі старшыні раённага Савета дэпутатаў Мікалаю Місюру. Так было выказана пажаданне сустрэцца на раённым свяце дажынак і там ужо ўручаць каравай са збожжа новага ўраджаю.

Святар Сергій Ляшкевіч прамовіў:

— Усе мы, пачынаючы любую добрую справу, просім Божае дапамогі, каб Ён даў нам сіл, здароўя, паспрыяў. Зараз вы пачынаеце самую добрую справу на зямлі — убіраеце хлеб. Няхай з вамі будзе Божае блаславенне, няхай у вашых дамах і сем’ях пануюць мір і лад. Бо калі дома непрыемнасці, не можа ісці гаворкі пра плённую працу. Калі ж мужчына ведае, што дома яго чакае каханая жонка і шчаслівыя дзеці, то і справа робіцца лягчэй. А зараз прачытаем малітву аб поспеху ва ўсялякай добрай справе.

Па загадзе дырэктара СВФ “Заазер’е” ААТ “Лепельскі МКК” Алега Данчанкі камбайны пад кіраваннем Пятра Духовіча, Паўла Калесніковіча, Вадзіма Пыхціна, Аляксандра Канакова, Мікалая Падворнага і Дзмітрыя Дзенісёнка плаўна рушылі ў масіў пшаніцы. Першыя кілаграмы збажыны засыпаліся ў бункеры. А старыя жнеі бласлаўлялі жалезныя машыны, жадаючы ім і камбайнерам плённай працы.

Васіль МАТЫРКА.

На здымку: урачысты момант мерапрыемства.

Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.