Краязнаўцы Віцебшчыны

У краязнаўчым музеі прайшла прэзентацыя кнігі кандыдата гістарычных навук Міколы Півавара “Краязнаўцы Віцебшчыны”. Аўтар нарадзіўся і жыве ў пасёлку Лужасна Віцебскага раёна. Пасля заканчэння Мінскага педагагічнага інстытута імя М. Горкага працуе ў Лужаснянскай школе-інтэрнаце-гімназіі і адначасова на кафедры гісторыі Беларусі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава.

 Кніга вялікая – 362 старонкі. Змяшчае звесткі пра 573 краязнаўцаў вобласці. Дык вось 15 з іх – лепяльчане.

 Аўтар выканаў грандыёзную работу, бо краязнаўцаў збіраў па публікацыях у раённых газетах. Гэта значыць, перагартаў тысячы газет за шмат гадоў. Выпісаў назвы краязнаўчых матэрыялаў і іх аўтараў. Сістэматызаваў сабраную інфармацыю. Звярнуўся да знойдзеных краязнаўцаў з просьбай напісаць аўтабіяграфіі і даслаць свае фотаздымкі. Адшукаў сродкі на выдавецкія расходы.

 На прэзентацыю прыйшлі вучні школ горада, бібліятэкары, іншыя работнікі культуры, мастакі, краязнаўцы. Мікола Півавар не толькі распавёў аб тым, як фарміравалася кніга, але і правёў метадычны ўрок, як скласці перспектыўны план даследчыцкай дзейнасці і стварэння краязнаўчай літаратуры, прысвечанай Лепельшчыне. У нас шмат краязнаўцаў, аднак яны не згуртаваныя, іх дзейнасць ніхто не каардынуе. Кожны адасобіўся ў сваёй тэматыцы: войны, прырода, турызм… Трэба не толькі праводзіць даследаванні ды змяшчаць публікацыі ў раённай прэсе, але і выходзіць на больш высокі узровень – абласны, рэспубліканскі, запаўняць электронныя сродкі масавай інфармацыі, інтэрнэт, выдаваць кнігі.

 Абавязкова трэба выдаць кнігу “Краязнаўцы Лепельшчыны”, бо ў работу “Краязнаўцы Віцебшчыны” не ўвайшлі 10 лепяльчан, якія сталі вядомыя аўтару пазней. Тым больш, што з гутаркі высветлілася, што такіх нашмат болей.

 Пачаць збор інфармацыі для кнігі “Краязнаўцы Лепельшчыны” ўзяўся кіраўнік гуртка “Нашчадкі”, настаўнік Слабадской сярэдняй школы Валерый Тухта.

 Вучняў Мікола Півавар праінструктаваў, як стаць краязнаўцамі.

Уладзімір ШУШКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.