Радаводныя ніці

Напэўна, у кожнай сям’і ёсць свая радавая таямніца. Падзеі крывавага ХХ стагоддзя захаваліся ў сямейных хроніках крутымі трагічнымі паваротамі са шматлікімі невядомымі.

Аб таямніцах сямейства Тараткевічаў я чуў ад сваёй бабулі Лідзіі Шушкевіч (дзявоцкае прозвішча Тараткевіч) з Верабак, пакуль яна была жывая. Нейкая нябачная нітка звязвала мяне з яе ўспамінамі, і я цягнуўся разабрацца ў тым, пра што яна, уздыхаючы, распавядала, датыкаючыся да таямніц невядомасці. Там былі канкрэтныя людзі — яе родныя і блізкія, а значыць, і мае. Лёсы некаторых з іх вы­глядалі няскончанымі, быццам перарваная на паўслове размова. “Я не ведаю, што адбылося…” — казала яна, непрыкметна выціраючы слязу, і ішла ў кут хаты, да абраза, каб яшчэ раз папрасіць у Бога прабачэння…

 Некалькі сямейных таямніц мне ўдалося раскрыць. Аб некаторых з іх я распавядаў на старонках газет, у тым ліку і ў «Лепельскім краі». З дапамогай Міжнароднай службы пошуку «Бад-Арользен» устанавіў лёс мужа бабулі — майго дзеда-верабчані­на Лукі Шушкевіча. У красавіку 1944 года з Лепельскай турмы яго павезлі немцы ў рабства, і ён загі­нуў у канцэнтрацыйным лагеры Маўтхаўзэн, паблі­зу аўстрыйскага горада Лінц, не дажыўшы да вызвалення два месяцы…

 А са сваёй роднай сястрой бабуля рассталася яшчэ ў 1917 годзе. Ведала толькі адно: калі грамілі панскія маёнткі, сястра Алена з фальварка Галандыя пана Цеханавецкага (ля Бачэйкава) збегла на Захад, выйшла замуж за паляка, і ў яе быў сын. Сёстры так і не сустрэліся больш ніколі, паколькі дзяржаўныя межы тады навекі падзялялі іх лёсы. Ужо ў постсавецкі час, патраціўшы некалькі гадоў на пошукі ў польскіх архівах, знайшоў след Алены ў Ольштыне — там яна дажывала свае дні, выхоўваючы ўнукаў Марэка і Кшыштафа. Запамінальнай была паездка да іх летам 2010 года. У іх ужо хутка будуць свае ўнукі…

 З дапамогай расійскіх архіваў даследаваў лёс старэйшага брата бабулі — Уладзіміра Тараткевіча. Аказалася, што яго імя ўвекавечана ў расійскіх дзяржаўных “Імянных спісах Ваеннага ордэна Святога Вялікапакутніка і Перамаганосца Георгія”. Будучы падпаручнікам царскай арміі, Уладзімір ваяваў на палях Першай сусветнай вайны, і ў баі з аўстра-венграмі ў Карпатах здзейсніў подзвіг, быў узнагароджаны залатой Георгіеўскай зброяй і трыма баявымі ордэнамі: Святой Ганны, Святога Станіслава і Святога Уладзіміра…

Канец маёнтка

 А вось лёс брата Лідзіі і Уладзіміра Тараткевічаў — Віталя-Віктара — да гэтага часу не цалкам даследаваны, і зараз я распавяду аб ім, каб не проста аддаць даніну памяці чалавеку, а, магчыма, атрымаць дадатковыя звесткі пра яго ад чытачоў «Лепельскага краю», таму што лёс гэтага чалавека непарыўна звязаны з Лепельшчынай.

 Нарадзіўся пад Бачэйкавам, у фальварку Галандыя. Юнацтва правёў там, у радавым гняздзе. Бацькі збіралі яго ў першы ад’езд у Лепель, калі сын паступаў на вучобу. У 1919 годзе ён быў ужо ў 6-м класе Лепельскай змешанай гімназіі. Ішоў другі год рэвалюцыі, а дакументы таго часу яшчэ захоўвалі адбіткі старых формаў і дарэвалюцыйнага правапісу. Адзін з іх насіў назву «Звесткі аб поспехах, стараннасці, увазе і паво­дзінах вучня Віталя Тараткевіча». Здзіўляе насычанасць вучнёўскімі прадметамі: тры мовы ў 6-м класе — руская, нямецкая і лацінская. Акрамя цяперашніх ўсім знаёмых прадметаў, вывучалася псіхалогія, не адменены быў яшчэ «Закон Божы». Віталь у асноўным меў тройкі ды чацвёркі, і педагагічны савет гімназіі вынес у канцы навучальнага года справядлівае рашэнне — перавесці ў 7-ы клас.

 Трэба сказаць, што Тараткевічы да ведаў, вучобы ставіліся з вялікай павагай. Нягледзячы на тое, што ў сям’і было 10 дзяцей, якіх трэба было накарміць, паставіць на ногі і даць пуцёўку ў працоўнае жыццё, галоўную ролю адыгрывала адукацыя. Усё рабілася, каб дзеці не засталіся без ведаў. Гэты падыход, як аснова прасоўвання ў жыцці, быў закладзены гаспадарамі Бачэйкаўскага палаца — родам Цеханавецкіх, якія імкнуліся дапамагчы сваім работнікам у дасягненні ведаў. Вядома, напрыклад, што ў другой палове ХІХ стагоддзя Павел Цеханавецкі скіроў­ваў мясцовых сялян вучыцца рамяству ў Пецярбург, Маскву, Тулу. Іх імёны потым былі вядомыя далёка за межамі вобласці. І апошняя з уладальнікаў маёнтка, Марыя Цеханавецкая, выдзяляла зімой калёсы, каб дзеці маглі спакойна дабрацца да школы. Мая бабуля, распавядаючы пра гэта, ганарылася, што мела царкоўнапрыходскую адукацыю, і часта на памяць чытала вершы і паэмы Пушкіна.

 Віталь Тараткевіч, скончыўшы гімназію, працягнуў адукацыю. Але вядомыя грамадскія падзеі, якія ўзрушылі былую Расійскую імперыю, у тым ліку і Лепельскі край, наклалі грозны адбітак на яго наступную дзейнасць. Ішла грамадзянская вайна. Атрымаў ваенную позву і Віталь. Праглядаю яшчэ адзін дакумент за 1919 год: імянны спіс асоб, выкліканых у Лепельскі павятовы камісарыят па ваенных справах. У ім, акрамя Віталя Тараткевіча, — яго аднагодкі Аўсей Левітан і Павел Загрэцкі з Лепеля, Мітрафан Галубіцкі і Рыгор Марковіч з Улы. Двое ўхіліліся ад прызыву, «дэзерціравалі» (так пазначана). Што з імі стала, аднаму Богу вядома. Віталь таксама пазбег лёсу прызыўніка, але на законных падставах атрымаўшы на рукі пасведчанне: «На падставе цыркуляра… за №12462… і тэлеграмы Віцебскага губваенкама ад 2 ліпеня 1919 г. за №8972 дадзена адтэрміноўка… на ўвесь час навучальнага перыяду». Аднак іншая, больш страшная і трагічная падзея ўвайшла ў жыццё Тараткевічаў.

 Прыйшоў 1920-ы год. У пачатку нішто не прадказвала бяды. Маёнтак Бачэйкава быў нацыяналізаваны, і галава сямейства Тараткевічаў, Піліп, да гэтага панскі эканом, узначальваў камітэт рабочых і служачых, каб арганізаваць савецкую сацыялістычную гаспадарку. У студзені з Лепеля, з пазем­аддзела, паступіла ўказанне: прызначыць Піліпа Іванавіча загадчыкам гэтай гаспадаркі як «больш прыдатнага для вёскі чалавека» замест нейкага Блінструба. Аднак класавая барацьба дакаці­лася і да спакойнай Лепельшчыны, падарвала нават сельскае жыццё. Па неафіцыйнай версіі, хтосьці «стукануў» у органы, што ў Піліпа ёсць зброя (як распавядала мне бабуля, пісталет пакінуў сын Уладзімір, які ваяваў у гэты час у Чырвонай Арміі). Час быў неспакойны, а бачэйкаўская Галандыя размяшчалася, па сутнасці, у лесе, і трэба было мець хоць які сродак абароны. Але такую акалічнасць не ўлічыла губчэка, і Піліп быў арыштаваны. Больш яго ніхто не бачыў. Яго жонка — маці двух малалетніх дзяцей — кінула дом і пасялілася ў сястры ў Гушчыным Прудку. Хто куды разбрыліся дарослыя дзеці.

Лепельскі след

 Віталь настойліва працягваў вучобу. Цяпер ён разумеў, што апірышча ў асобе бацькоў больш не будзе, і трэба неяк самому выкручвацца, мабілізуючы ўласныя сілы. Скончыўшы Лепельскую гімназію, ён з’ехаў у Віцебск. Там вырашыў самастойна зарабляць на жыццё і далейшую вучобу. Паступіў у Віцебскі сельскагаспадарчы інстытут. Вельмі цяжка было сумяшчаць лекцыі і працу. Захавалася яго заява на другім курсе: «З прычыны маёй хваробы (сыпнога тыфу)… я не ў стане здаць своечасова залікі. Да таго ж, жывучы на свае сродкі (бацькоў не маю), мне даводзіцца працаваць, бо паёк, што атрымліваю ад інстытута, занадта мала задавальняе. Канікулярны час я працую ў грамадзян, зарабляючы сабе наперад — на навучальны год. Прашу падоўжыць тэрмін здачы залікаў».

 У 1923 годзе інстытут рэарганізавалі ў тэхнікум, і паўстала пытанне: як быць далей? Ён вырашыў цвёрда: мець толькі вышэйшую адукацыю, і падаў заяву аб пераво­дзе ў Беларускі сельскагаспадарчы інстытут на лясное аддзяленне.

 …У 30-х гадах Віталь зноў з’явіўся ў Лепелі, але ўжо як спецыяліст лясной гаспадаркі з вышэйшай адукацыяй. Яму адразу ж прапанавалі вольную пасаду рацыяналізатара ў Лепельскім леспрамгасе з акладам 225 рублёў. За плячыма ў маладога спецыяліста быў ужо досвед працы ў Валынецкім і Ветрынскім лясніцтвах Полацкай акругі, Дураў-Уладзімірскім і Яршыцкім аддзяленнях «Захадлеса». Ён цікавіўся ўсім новым і ўкараняў у вытворчасць уласныя распрацоўкі. Адна з іх тычылася, напрыклад, выгрузных драбін. Вось як ацэньваліся яе годнасці: «Эфектыўнасць прымянення выгрузных драбiн вылiваецца ў 960 рублёў… Драбiны майструюцца з дрэва, каткi таксама драўляныя, але на жалезных восях. Каштоўнасць пабудовы — 500 рублёў, тэрмiн эксплуатацыi — некалькi гадоў».

 Праз два гады Віталь ужо сумяшчаў у леспрамгасе пасады рацыяналізатара і таксатара з акладам 250 рублёў і 30-працэнтнай надбаўкай. Гэта быў салідны заробак па тым часе. Лесанарыхтоўшчыкі лічылі­ся на добрым рахунку ў дзяржавы і атрымлівалі дадатковую надбаўку ў вы­глядзе харчовага пайка. Так, у жніўні 1932 года дадатковыя нормы харчавання на аднаго едака складалі: мукі — 12 кг, круп — 1,5 кг, цукру — 0,5 кг, рыбы — 1,5 кг, масла — 0,25 кг. Выдаваліся таксама махорка і мыла.

 У Лепелі Віталь ажаніўся. Жонка Клеапатра (не ведаю дзявочага прозвішча), якую коратка называлі Клёняй, выкладала нямецкую мову ў сярэдняй школе.

 Жылі Тараткевічы ў прыватным доме, пры бацьках Клеапатры, дзесьці каля стадыёна. У іх нарадзіліся дочкі Галіна і Нара. Што з імі сталася і дзе яны зараз, невядома.

 Віталя перад вайной накіравалі ў камандзіроўку ў Заходнюю Беларусь, і калі пад націскам нямецкіх полчышчаў вярнуўся дахаты, жонкі не знайшоў: яна пайшла на ўсход.

 Мабыць, яго не паспелі мабілізаваць, з’язджаць не было куды, і ён сустрэў акупацыю ў Лепелі.

 Жыццё яго абарвалася трагічна і ў поўнай незразумеласці. Аднойчы, як мяркуецца, зімой 1942 — 43 гадоў прахожыя заўважылі, як па лепельскай вуліцы павольна брыдзе запрэжаная ў калёсы кабыла. Яна спынілася каля дома, дзе жыў цесць Віталя Тараткевіча. Аднак з калёс ніхто не сышоў. Цікаўныя падышлі бліжэй. На кучы прытаптанай саломы ляжаў мёртвы чалавек. Гэта быў Віталь Тараткевіч.

 Хацелася б адшукаць сляды Клеапатры, жонкі Віталя Тараткевіча, і іх дачок Галіны і Нары. Прашу чытачоў паведаміць у рэдакцыю, калі каму што-небудзь вядома пра іх лёсы.

Васіль АЗАРОНАК,

журналіст.                                 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.