Раскопкі старажытнага паселішча

IMG_4853 Прыгожыя краявіды адкрываюцца са стромкіх  пагоркаў у наваколлі Кастрыцы, невялікай вёсачкі на памежжы з Чашніцкім раёнам.  Мала хто з нешматлікіх тутэйшых жыхароў ведае, што паўтары тысячы гадоў таму назад тут на поўную моц віравала жыццё, пра што сведчаць археалагічныя помнікі ў наваколлях паселішча.
Упершыню ў 1965 годзе ў гэтых мясцінах пабывалі археолагі Георгій Штыхаў і Кліменцій Шут.

Імі было выяўлена два селішчы і курганны могільнік. Праведзены раскопкі гарадзішча, якое ў народзе мела назву “Царкавішча”. Дзякуючы даследаванням, гістарычная навука атрымала ўнікальныя факты развіцця чалавечага грамадства на пэўным этапе эвалюцыі. З тае пары матэрыялы раскопак пачалі друкавацца амаль ва ўсіх навуковых крыніцах па археалогіі.
На вялікі жаль, пэўную цікавасць да помнікаў мінуўшчыны праяўляюць не толькі археолагі-прафесіяналы, але і “чорныя капальнікі”, якія, прагнучы матэрыяльнай нажывы, сваёй незаконнай дзейнасцю знішчаюць унікальныя гістарычныя аб’екты. У гэты сумны спіс можна занесці і археалагічныя помнікі Кастрыцы.
Таму, адпраўляючыся на раскопкі, археолаг Інстытута гісторыі Акадэміі навук, кандыдат гістарычных навук Марат Клімаў не ставіў сабе за мэту знайсці нейкі ўнікальны артэфакт. Па яго словах, за апошнія дзесяць год “чорныя капальнікі” настолькі “падчысцілі” археалагічныя помнікі, што пасля іх знайсці нешта асаблівае проста немагчыма. Асноўнай задачай даследчыка было правесці раскопкі на адным з селішчаў ля Кастрыцы для таго, каб выявіць яго характар — па керамічным посудзе вызначыць час заснавання.
Апошнія чэрвеньскія дні выдаліся даволі спякотныя, але гэта не стала вялікай перашкодай для новых археалагічных адкрыццяў. Разбіўшы палатачны лагер на адным са стромкіх пагоркаў непадалёк ад вёскі, тры дні на раскопках разам з Маратам Клімавым шчыравалі вучні Слабадской сярэдняй школы.
Усе ўдзельнікі экспедыцыі падзяліліся на дзве катэгорыі даследчыкаў — “стратэраў” і “каптэраў”, што на своеасаблівым археалагічным слэнгу азначае тую ці іншую працу, якую даводзілася выконваць падчас раскопак. “Каптэры”, ці тыя, хто капае культурны пласт на помніку (тэрыторыю), пры дапамозе рыдлёвак сантыметр за сантыметрам акуратна здымалі пласты зямлі, дзе маглі знаходзіцца старадаўнія рэчы. На працягу ўсёй экспедыцыі нязменнымі “каптэрамі” заставаліся найбольш моцныя і спрактыкаваныя хлопцы. У многіх з іх за плячамі — багаты вопыт даследаванняў такога кшталту. Напрыклад, для выпускніка 11 класа Аляксандра Аўтушкі гэта ўжо чацвёрты па ліку археалагічны сезон. Раней хлопец браў удзел у даследаваннях курганнага могільніка ля Велеўшчыны, гарадзішча ля Верабак, шчыраваў на лепельскім замчышчы. Не нашмат Аляксандру саступаюць дзевяцікласнікі Сяргей Нядбайла і Мікіта Сівакоў, якія трэці год запар удзель-нічаюць у археалагічных раскопках.
“Стратэры” — тыя, хто па крупінках уважліва перабіраюць, пераглядаюць культурны пласт, адшукваючы ў ім прадметы, пакінутыя людзьмі многія стагоддзі таму назад. Такую адказную справу Марат Клімаў даручыў дзяўчынкам Аляксандры Босай і Ірыне Садоўскай, якія на працягу года марылі паўдзельнічаць у археалагічных даследаваннях і, нарэшце, іхняя мара здзейснілася. Дапамагалі ім васьмікласнік Міша Босы, сямікласнік Коля Стэльмах, пяцікласнікі Уладзік Папкоў і Ярык Тухта. У экспедыцыю кожнага з іх прывабіла свая мэта. Камусьці проста было цікава пасядзець увечары ля вогнішча, пераначаваць у палатцы. Камусьці — насамрэч цікава было пакапаць. Мабыць, толькі адзін Уладзік, выпраўляючыся ў экспедыцыю, меў меркантыльны інтарэс. Напярэдадні ў інтэрнэце ён адшукаў, скажам так, не самую танную манету і паставіў сабе за мэту абавязкова яе знайсці. Даведаўшыся ад археолага, што такіх манет і ў паміне тут быць не магло, тым не менш, цікавасці да раскопак не згубіў. Толькі пабедаваў, што з ноутбукам, пра які так доўга марыў, прыйдзецца крыху пачакаць.
Пад спякотнымі промнямі сонца, пад цёплымі кроплямі дожджыку, разам з якім надыходзіла доўгачаканая прахалода, юныя даследчыкі працягвалі шчыраваць на раскопе. Самай масавай знаходкай былі кавалкі глінянага посуду — венцы, донцы, арнаментаваныя бакавыя сценкі. Дзякуючы кераміцы, як і меркаваў Марат Клімаў, стала магчымым датаваць час узнікнення селішча. Так у археалагічнай навуцы прынята называць старадаўнія вясковыя паселішчы. Па папярэдніх выніках гэта Х стагоддзе.
У пласце пажарышча, акрамя керамікі і костак нейкай жывёлы, быў знойдзены жалезны двухшыпны наканечнік стралы, які не выслізнуў з пад пільнага вока Аляксандра Аўтушкі. Наканечнікі такой формы ў тыя часы прымяняліся непасрэдна ў час баявых дзеянняў. Такім чынам, перапыненню жыццядзейнасці на селішчы папярэднічаў нейкі ваенны канфлікт. Праіснавала яно да ХІ стагоддзя. Дзеці пачалі прапаноўваць версіі развіцця падзей тысячагадовай даўніны. І, хто яго ведае, можа хто-небудзь з іх у сваіх фантазіях насамрэч наблізіўся да тагачаснай рэчаіснасці.
Як і тысячы гадоў таму назад, у самую кароткую ноч удзельнікі раскопак змаглі далучыцца да старадаўняга і шаноўнага ў славян свята Купалля, якое адзначаецца ў гонар летняга сонцастаяння. На высокім пагорку, з маляўнічымі відамі на штучнае возера, у водах якога купаліся прамяні заходзячага сонца, хлопцы расклалі купальскае вогнішча, а дзяўчынкі наплялі вянкоў. Далёка па наваколлі рэха панесла словы купальскай песні, знітоўваючы паміж сабой мінулае і сучаснасць, якія цесна перапляліся, як тыя кветкі ў вяночках, што на досвітку паплылі па спакойнай роўнядзі возера.
Тры дні экспедыцыі праляцелі як адно імгненне. На развітанне Марат Клімаў кожнаму юнаму даследчыку паціснуў руку, дзякуючы за дапамогу. Ён спадзяецца, што час, праведзены на раскопках, не стаў марным для дзяцей, бо кожны з іх далучыўся да карыснай справы спасціжэння таямніц мінулага сваёй Бацькаўшчыны.
Валерый Тухта.
На здымку: на раскопках ля Кастрыцы.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.