Росквіт

Меркавалі сабраць інфармацыю пра Зарыбіна. У ім усяго некалькі хат. Усе яны былі на замку. Каб не вяртацца з пустымі рукамі, завярнулі ў Росквіт. Ён побач. Пачынаецца за паўкіламетра да Зарыбіна і адзінай вуліцай цягнецца ўздоўж возера Люкшына.

Спрадвеку вёска называлася Пляшкі. Але ў савецкі час нейкаму чыноўніку не спадабалася такая назва, і яе замянілі на “Расцвет”.

У перакладзе на беларускую мову атрымаўся Росквіт. Так і напісана на дарожных знаках перад вёскай.

Абход двароў пачалі з самага аддаленага. Здзівілі запоры ўваходных варотаў — адмысловыя, адразу бачна, што мужчына жыве.

Аднак гаспадара не заспелі. 72-гадовая Соф’я Скараходка паведаміла, што яе 74-гадовы муж Мадэст Дземянкоў на рыбалцы. Нягледзячы на глыбокую восень, ён што­дзень заплывае на гумавай лодцы ў Люкшына і дрыжыць ад холаду над вудай.

— А здабычы той дык кату хіба, — абураецца Соф’я захапленню мужа. — Учора дзве плотачкі прынёс. А здараецца, што зусім без улову прыходзіць. А ў лодцы знахо­дзіцца небяспечна — прапускае, бо ўзбярэжным чаротам пракалоў. Здароўе ўжо немаладое. Лепш бы ляжаў дзед перад тэлевізарам. Дык не, зімы не дачакаецца, каб лёд асядлаць. Не хапала б есці, можна было б зразумець цягу да рыбалкі — пенсій жа на харчы дастаткова.

Нарадзіліся ў Пляшках. Цяжкое жыццё пражылі. Пасля пятага класа ў калгас працаваць пайшлі.  У лахманах, босыя хадзілі, бо ні адзення, ні абутку купіць не маглі — за палачкі ў брыгадзіравым сшытку працавалі. Задарма пранікам лён аббівалі, цапамі збожжа малацілі, пад плуг калгасную бульбу садзілі і капалі. Адкуль у старасці здароўе бу­дзе?

— Дзіўны трактарок стаіць на падворку…

— Дзед змайстраваў. Рукі ў яго залатыя — нездарма механікам у калгасе імя Чапаева працаваў. Бясконца порацца ў ім, але як трэба, працуе тэхніка.

— Сабака звяглівы ў вас. Слова сказаць не дае…

— Жук бяскрыўдны. Брэша, а не кусае.

— Што за быллё пад страхой стаіць?

— Гэта ж я быльнік спецыяльна нарыхтоўваю на падпалку. Выдатна замяняе трэскі.

*   *   *

 Сумуе 78-гадовы Пётр Карабань без сваёй Марыі. Можна сказаць, ад нара­джэння разам былі, бо жылі па суседству ў Вялікім Поўсвіжы. Разам педагагічна-індустрыяльнае вучылішча ў Оршы скончылі. Каб не разлучацца, працу ў Ірынпольскай школе выбралі, хоць яму месца выкладчыка працы, чарчэння і малявання прапаноўвалі і ў Лепелі, і ў Бароўцы, і ў Арэхаўне, і ў Кашчыне. А ёй настаўнічаць у малодшых класах можна было толькі ў Ірынполлі. Таму ў гэтых краях і апынуліся. Выгляд школы захапіў і азадачыў маладых настаўнікаў — раней гэта быў маёнтак пані Ірыны Вейткі. Усё ў ім  было загадкава, таямніча.

Карабаням сельсавет даў хату ў Зарыбіне. Аднак не падабалася ім тое жытло. Купілі іншае ў Пляшках. Абжылі. Прыжыліся. Пётр фізмат Віцебскага інстытута завочна скончыў. Да дырэктара школы даслужыўся. Траіх дзяцей нажылі, на свой хлеб выправілі. Зусім палёгка наступіла, як на пенсію выйшлі. Але пакінула гэты свет Марыя пяць гадоў таму назад. А якое жыццё аднаму?

Трымаецца Пётр Карабань. Казу, трусоў трымае. Адзін не пацягнуў бы такую гаспадарку — дачка Таіса з Бароўкі амаль кожны выхадны прыязджае, завіхаецца на падворку.

— Злосны сабака ў вас. Як клічуць?

— Малыш. Да яго быў Шарык, кудлаты, пацешны. Аднойчы чую, аж задыхаецца ад брэху. Выходжу, а ён, акрываўлены, брэша на будку. У ёй жа, во цуд, ліса схавалася. Доўга яе потым ганялі па наваколлі. Безвынікова. Звярнуўся да ветэрынара наконт пакусанага Шарыка, а ён сказаў, што паводзіны лісы пацвярджаюць яе захворванне на шаленства, трэба галаву сабакі здаць на экспертызу. Не стаў я здзекавацца нават над мёртвай жывёлінай, даў пілюлю і закапаў.

— Рыбалкай займаецеся?

— Стары я ўжо. Лодка згніла. А раней любіў па­плаваць — і адпачнеш, і штосьці зловіш.

*   *   *

 — Пагутарым у машыне, сядайце…

Аляўціна Шумель паслухмяна залезла ў салон.

— Старая я ўжо — 75 гадкоў на свеце пражыла. Дровы ўчора пілавала, лазню дабудоўваю, перад зімой траву на агародзе скасіць трэба.

У гэтай хаце і нарадзілася Аляўціна. Пасля вайны бацькі перасыпалі будыніну. Гадоў з 15, як яны памерлі. З таго часу жанчына адна гаспадарыць. Мужа не мела. Загадвала Старалядненскім комплексным прыёмным пунктам і шыла ў ім. Гэта цяпер скрозь бойкія жвіроўкі насыпаныя. А раней што­дзень гразь мясіла, на працу дабіраючыся. З агародам упраўляцца дапамагаюць браты. Хоць і сваёй працы шмат, аднак прыязджаюць з Цагельні Коля, з Зялёнкі Саша.

З хатняй жывёлы Аляўці­на трымае чатырох катоў і сабаку Біма.

*   *   *

 — Дзіця вайны я — у 1942 годзе нарадзілася, — сказала Вольга Ахатава. — Бацьку ваяваць забралі, а як пачалі бамбіць Віцебск, маці з малым братам на плячах і мной на чацвёртым месяцы цяжарная прыйшла ў Пляшкі да бацькоў мужа. Так тут мы і засталіся. У 1965 годзе я выйшла замуж за межыцкага вайскоўца — татарына Фердаўса Ахатава. Потым яго перавялі ў Кобрын. Жылі ў ваенным гарадку.

Кожны водпуск праводзілі ў Пляшках. (Язык не паварочваецца вымавіць новую назву Росквіт, не прыжываецца яна.) Перад пенсіяй перабраліся сюды назаўсёды. Фердаўс пайшоў даяром у калгас імя Чапаева. Далі хату ў Ірынполлі. Аднак не падабалася яна нам, перабраліся ў матчыну.

Працавітыя Ахатавы. 22 авечкі, каня, дзве каровы, дзве свінаматкі трымалі. За працай Фердаўсу часу не было на рыбу збегаць. Яшчэ летась ён вартаваў цялят у Ірынполлі. Але здарыўся інсульт, і ў сакавіку памёр. Адна Вольга цяпер трымае 18 курэй, тры індакачкі, індыка, сабак Рыжыка і Дыньку, парсюка. Хоча да трохсот кіла­грамаў вепрука адкарміць, бо няма дзе дзяваць гарбузы, якія каціць трэба — падняць немагчыма. Капусту мяшкамі раздавала, бо самой не з’есці.

Хата яшчэ трывалая, але пасля буры ў 1968 годзе стала не вельмі добра цяпло трымаць. Тады ўраган зрушыў пабудову з месца, а шыфер па наваколлі разнёс. Збіралі яго ў Ірынполлі, Экімані, Прудку, Зарыбіне.

Вольга ведае ўсе апошнія падзеі, што адбыліся ў краіне, свеце — спадарожнікавую антэну з Фердаўсам паставілі.

*   *   *

 — Ніна хоць і маладзейшая за мяне на два гады, аднак пяць гадоў ужо не ходзіць пасля інсульту, інвалід першай групы, — уздыхнуў 69-гадовы Іван Яршоў. — Гарую з ёй, але ж нічога не зробіш — жыццё разам пражылі, траіх дзяцей нажылі. Добра, што недалёка яны ад нас ад’ехаліся: Іра жыве ў Лядне, Лёня — у Бароўцы, Саша — у Зарыбіне.

— Памятаю, як каля дзясятка гадоў таму назад фатаграфаваў маладога Яршова на кані і з вялікім сабакам ля Люкшына. Ён тады калгасных коней шукаў…

— Дык гэта ж мой сын Саша быў! — узрадавана сказаў Іван. — З таго часу мы “Лепельскі край” без перапынку выпісваем. Цяпер у нас паштальёнка маладая, рэгулярна пошту носіць.

— Вядома, аднаму цяжка з гаспадаркай упраўляцца. І ўсё ж можа якую жывёлу трымаеце?

— А як жа! Каза ёсць, сем курэй, певень, сабака Бакс, котка Пуся. Чацвёрты год папугаіха Анфіса ў клетцы жыве, але я яе для зручнасці Чыпай клічу. Кожная жывёліна сваю справу ведае. Вось толькі куры несціся перасталі — ліняюць.

— Дзе ў маладосці працавалі?

— У калгасе імя Чапаева, — адказала Ніна. – Іван быў трактарыстам, брыгадзірам, загадчыкам фермы, пастухом. Я — даяркай, паляводкай.

Ніна напаўсядзіць упоперак ложка. Разважае і гаворыць нармальна, толькі ногі не ходзяць.

— Самі мясцовыя?

— Іван з Ірынполля, а я пляшкоўская.

*   *   *

 Усіх росквітаўцаў абышлі. Праўда, дыхтоўных хат у вёсцы нашмат болей. На лета дачнікі прыязджаюць — свае, выхадцы з Росквіту, і чужыя, з гарадоў. Усіх вабіць маляўнічае возера Люкшына.

Уладзімір ШУШКЕВІЧ.

 На здымках: шмат кветак у хаце Вольгі Ахатавай.

Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.