Сніцца бацькаў вінаград і мора

А там — усё як і было: цёпла, хораша, багата садавіны рознай, агародніны — улетку, а зімою… Якая там, зрэшты, зіма, калі нават снег, памятае, у дзяцінстве быў ледзве не дзівам! Як заснежыць —  усе на школьны двор хутчэй, каб паспець перакінуцца сняжкамі, пакуль не растаў… Ёй па-ранейшаму выпісвае білет у дзяцінства вінаграднікавая арка на падворку роднай хаты. Вось толькі мамы няма ўжо гадоў дванаццаць. Эх, як бы мамачка парадавалася праўнуку!

Усевалад нарадзіўся зусім нядаўна ў яе, Святланінай, старэйшай дачкі Іны. Колькі ж клопату адразу паявілася ў шчаслівай бабулі!

  Хто куды, а яна, Святлана, да бацькі. Той ужо зусім старэнькі — пад восемдзесят яму… “Трэба дома бываць часцей, трэба дома бываць не госцем…” Ды магіле мамінай пакланіцца.

  Бацькі — малайцы. Як бы цяжка ні жылося, а дзецям — у Святланы ёсць сястра — далі вышэйшую адукацыю.

  Святлана вучылася ў Крыме на эканамічным факультэце ў сельгасінстытуце. А побач Сімферопальскае ваеннае вучылішча заканчваў беларус Саша Васіленка — яе будучы муж. Адной сустрэчы на дыскатэцы ім хапіла, каб больш ніколі не расставацца.

  А потым — як нітка за іголкай. Вядома, якое жыццё ў жонкі ваеннаслужачага. Ледзьве закончыў Саша вучылішча, як яго з лагоднага Крыма — ды ў суровы Краснаярскі край. Прыехалі ў тайгу, стаяць баракі. Пасяліліся ў сто трынаццатым бараку. Да таго ж, у трынаццатым пакоі. Вось і будуй шчасце ў палоне такой цікавай геаграфіі ды арыфметыкі. Але калі ты апрануў шынель, няма чаго лёс папракаць. А калі выйшла замуж за ваеннага, звыкніся, што будзеш без працы, пастаў крыж і на далейшай адукацыі. Святлана не звыклася і не паставіла крыж. Праз паўтара месяца яна нарадзіла Іну, а праз два гады вярнулася ў Крым заканчваць інстытут, які пакінула, падаўшыся за мужам у Сібір. Зрэшты, у тайзе яны затрымаліся ненадоўга. Наступным месцам мужавай службы стаў пасёлак Серышава Амурскай вобласці. Там пасвятлела. Святлана ўладкавалася ў бухгалтэрыю вайсковай часці. Далей — Урурыйск.

  У дзевяноста першым у іх народзіцца Аліна. А тым часам разваліцца вялікая краіна, па ваенных гарадках якой яны мусілі “падарожнічаць” гэтулькі часу.

  Паўсюль у арміі скарачэнні. Аляксандру прапаноўваюць прадоўжыць службу ў Беларусі, маўляў, дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся. Яны ненадоўга з’язджаюць на Гомельшчыну. Тут і сапраўды зусім недалёка да Лельчыцаў — мужавай радзімы. Толькі ж для чалавека ваеннага паняцце радзімы значна шырэйшае. Радзіма там, дзе ён патрэбен, Радзіма — тое, што ён прызваны абараняць. Можна зразумець пачуцці Аляксандра і Святланы, калі раптам усё, што яны разумелі пад гэтым паняццем, звузілася і змізарнела. Можна зразумець іх шчымлівую настальгію па вялікай краіне, дзе яны нарадзіліся, на абсягах якой сустрэліся.

  Перавялі ў Бароўку. Муж завочна скончыў юрыдычны факультэт БДУ. Прафесія гэта яму неўзабаве спатрэбілася. Юрыстам у вайсковай часці ён працуе і зараз, па выслузе гадоў.

  Святлана нейкі час працавала ў Бароўскім сельсавеце. Пасля прапанавалі працу ў Лепелі.

  Яе пасада — галоўны інспектар райаддзела Віцебскага абласнога ўпраўлення фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. Праца, можна сказаць, незаўважная, на першы погляд, але ж вельмі патрэбная. Фонд — своеасаблівы акумулятар сродкаў, з якіх выплачваюцца пенсіі, робяцца іншыя сацыяльныя выплаты насельніцтву. Святлана Іванаўна прыводзіць такі прыклад: у свой час, у эпоху так званага палітычнага міжсезоння, некаторыя эканамічна слабыя прадпрыемствы, мякка кажучы, не зусім добрасумленна адлічвалі грошы ў пенсійны фонд: не да гэтага было, калі зарплату не было чым плаціць. У выніку зараз пры афармленні пенсій асобным грамадзянам той перыяд не залічваецца ў агульны стаж. Гэта да пытання аб тым, наколькі важныя выплаты ў сацыяльны фонд.

  — Калектыў у нас невялікі — усяго пяць чалавек, — расказвае Святлана Васіленка, — але гэта людзі “яшчэ тыя”. Яны ўмеюць працаваць самааддана. Умеюць падтрымліваць у працы парадак і лад, якія і сама я вельмі люблю. Праца адладжана. Дастаткова сказаць, што ў мінулым годзе нават сельгаспрадпрыемствы, чыё фінансавае становішча найбольш хісткае, усе як адно, з намі разлічыліся. Не кажучы пра іншыя, больш стабільныя прадпрыемствы. Працуем з прыватнымі прадпрымальнікамі. Гэта даволі складаны кантынгент падаткаплацельшчыкаў, але і з імі мы знаходзім агульную мову.

 Мне, вядома, прыемна, — працягвае Святлана Іванаўна, — хоць і было нечаканасцю, што я трапіла ў шэраг такіх шаноўных людзей, стаўшы Чалавекам года Віцебшчыны-2011. Але я лічу, што такі высокі давер аказаны не мне асабіста, а ўсяму калектыву нашага фонду, людзям, з якімі я працую поплеч ужо шмат гадоў, якім давяраю, якімі ганаруся.

 Віктар ЛЯШЧЫНА.

 На здымку:  Святлана Васіленка.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.