“А вялі ж мы дзеўку на пасад…”
Гасцінна расчыніла свае дзверы актавая зала гімназіі імя І. Ерашова г. Лепеля. Менавіта тут адбыўся раённы конкурс абрадаў цыкла Лепельскага раёна. Прыняць удзел у конкурсе пажадала дзесяць фальклорных калектываў устаноў адукацыі горада і раёна.
Першымі на сцэну падняліся прадстаўнікі Новавалосавіцкай сярэдняй школы. І адразу на сцэне з’явіліся калаўрот, стол з вышыванымі абрусамі і рознымі прысмакамі. Вучні падрыхтавалі для прагляду ўрывак з абраду “Зборная субота”.
Звонкія галасы дзяўчат з Поўсвіжа абвясцілі, што надышла чарга іх выступлення. Гледачам быў прапанаваны ўрывак з абраду “Учосванне касы”.
Старалядненскі фальклорны гурт усіх прысутных зачараваў не толькі абрадам, але і песняй.
Бароўскія “фалькларысты” на сцэне пабудавалі трысцен з лавамі, сталом, які хуценька заставілі рознымі сялянскімі рэчамі. А жаніх які быў гарны! Не пехатой прыйшоў, а на тройцы коней прыехаў!
Гурт з сярэдняй школы № 3 паказаў урывак з абраду “Учосванне касы” сіраты. Дзяўчына была апранутая ў сіроцкую сукенку, а на галаве — сіроцкі вяночак. У такой нявесты не было ні брата, ні бацькі. Толькі маці.
“Ляцелі гусачкі цераз сад,
А вялі ж мы дзеўку на пасад…”
— спявалі сяброўкі нявесты, якія вялі яе на пасад.
Дарослыя дзяўчаты і хлопцы са Стайскай сярэдняй школы прадставілі ўрывак з абраду “Зборная субота”. Вельмі артыстычна сваю ролю выконваў брат нявесты, які вёў сястру на пасад садзіць. Ён сястры і касу расплятаў, і да маці з бацькам падводзіў, дазвалення пытаў.
Жывыя гукі скрыпкі і гармоніка абвясцілі аб выступленні сярэдняй школы № 1. Разам з калектывам вучняў на сцэну падняліся настаўнікі. Гэта яны ігралі на музычных інструментах. А ўдзельнікі гурта дэманстравалі абрад “Зборная субота”, потым цудоўна выканалі танец “На рэчаньку”.
Усіх ажывіла выступленне фальклорнага гурта з Заслонаўскай сярэдняй школы. Дзяўчаткі ў бела-блакітных сукенках ўдала адтанцоўвалі і спявалі частушкі. А потым нявесце апранулі белую фату. Вельмі падышла яна дзяўчыне да твару.
Надышоў час выступлення калектыву са Старалепельскай базавай школы. На сцэну падняліся дзяўчаты ў прыгожых доўгіх сукенках. Яны таксама прадставілі ўвазе гледачоў ўрывак з абраду “Учосванне касы”.
Быццам зачараваныя, гледачы сачылі за яркім відовішчам, падрыхтаваным удзельнікамі фальклорнага гурта гімназіі. На суд журы быў вынесены абрад “Адведкі”. Усё было прадумана дэталёва: толькі адны дзяўчаты на сцэне, бо мужчыны ў адведкі не прыходзілі. Правільна былі падрыхтаваны пачастункі для парадзіхі. Ды і сама жанчына была ў белым — такая пяшчотная, светлая!
Трэба адзначыць, што выступленне кожнага калектыву было пабудавана на мясцовым матэрыяле. Песні, танцы і прыказкі не проста былі ўзяты з кніг, а былі запісаны ад бабуль. І яшчэ. Дзеці, якія выступалі на сцэне, жылі ў сваіх абрадах. Кожны з іх на нейкі момант апынуўся на месцы нявесты, бабулі, матулі, бацькі і брата.
Алена МАКАРАНКА,
культарганізатар раённага цэнтра дзяцей і моладзі,
Алена МІСЬНІК,
намеснік дырэктара РЦДМ.