Папярэднія падлікі
Першыя вынікі жніва падводзім у гутарцы з начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Васілём Чарэднікам.
— Васіль Анатольевіч, з якімі паказчыкамі раён завяршыў жніво?
— Летась гаспадаркі раёна намалацілі 40600 тон зерня, сёлета ж удалося сабраць толькі 30057 тон. У бліжэйшыя дні будуць дажатыя апошнія плошчы, спадзяёмся атрымаць каля 30800 тон канчатковага валавога намалоту.
З-за вельмі неспрыяльных умоў надвор’я слаба ўрадзілі як азімыя, так і яравыя культуры. Калі летась на круг збіралі больш за 30 цэнтнераў, то сёлета — 21,7.
— Якія культуры сёлета найбольш ураджайныя?
— Найперш — яравыя. 24 цэнтнеры з гектара далі пасевы ячменю, 25,2 — яравой пшаніцы, 25,5 — аўса. А вось азімыя — наадварот. З-за працяглай і снежнай зімы шмат азімых пасеваў загінула. Тыя, што змаглі выйсці з-пад снегу, аказаліся ў складаным становішчы, бо ў парасткаў заставалася мінімальная колькасць цукру і іншых пажыўных рэчываў, так неабходных раслінам у першыя дні вегетацыі. Шмат плошчаў давялося перасяваць. Хаця, напрыклад, некаторыя ўчасткі, засеяныя ўвосень пазней звычайнага, далі вельмі неблагія ўраджаі. Аднак такога варыянта развіцця падзей не можа прадугледзець ні адзін аграном, ні адзін метэаролаг. Таму мы ў працы арыентуемся на вывераныя гадамі, навукова абгрунтаваныя тэхналагічныя тэрміны.
— А ў разрэзе гаспадарак?
— Самыя лепшыя паказчыкі — у СВФ “Заазер’е”. Там, напрыклад, яравая пшаніца дала ўраджайнасць у 41,9 цэнтнера з гектара. У ААТ “Ладасна” гэтая ж культура — 30,6 ц/га, СВП “Пражэктар” — 25,6 ц/га.
— Як сельгасвытворцы мяркуюць распарадзіцца ўраджаем?
— 6200 тон — дзяржаўны заказ. Дарэчы, вяскоўцы яго ўжо амаль выканалі. Далей — насенны фонд — аснова ўраджаю наступнага году. Для сяўбы спатрэбіцца каля трох з паловай тысяч тон зерня азімых і яравых збожжавых культур. Асноўная частка ўраджаю, каля 20 тысяч тон, пойдзе на фураж. Што б там ні казалі, усё ж такі кліматычныя ўмовы Лепельшчыны не вельмі спрыяльныя для вытворчасці харчовага збожжа. З іншага боку, мы бяром асноўны курс менавіта на жывёлагадоўлю, таму для нас першачарговай становіцца задача забеспячэння кармамі. Астатнюю частку ўраджаю гаспадаркі могуць рэалізаваць на свае патрэбы.
— З якімі цяжкасцямі давялося сутыкнуцца падчас жніва?
— Людзей і тэхнікі хапае. Асноўная праблема ў тым, што ў сельгасарганізацый не хапае абаротных сродкаў для своечасовых закупак і стварэння пэўнага запасу паліва, змазачных матэрыялаў, запчастак. Мінеральныя ўгнаенні і сродкі аховы раслін куплялі з дапамогай дзяржавы.
— Якія задачы стаяць перад вяскоўцамі на бліжэйшую перспектыву?
— Пералічым на пальцах: убраць яравы рапс, насенныя травы. Адначасова з гэтым пачынаецца сяўба рапсу азімага. Гэта значыць, што трэба правесці ўвесь тэхналагічны цыкл: падрыхтоўка глебы, апрацоўка гліфасатамі, унясенне ўгнаенняў і, нарэшце, сама сяўба. У раёне ўжо пачалася ўборка кукурузы на сілас. Культуру трэба ўбраць з 3300 гектараў, закласці ў траншэі. Так што да зімы спраў будзе яшчэ шмат.
Васіль МАТЫРКА.